
У Беларусі вывучаюць пытанне павелічэння магутнасцяў ядзернай энергетыкі. Гэта звязана з чаканым ростам спажывання электраэнергіі ў краіне, паведамляе БелТА са спасылкай на міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча.
Па словах міністра, з выхадам двух рэактараў Беларускай АЭС на поўную магутнасць станцыя зможа задаволіць патрэбы краіны ў электрычнай энэргіі больш чым на 40%.
«Але мы ўжо зазіраем далей. Гэта 2030, 2035, 2040, 2050 гады, гэта доўгатэрміновая перспектыва. Мы робім адпаведныя разлікі. Мы аналізуем неабходнасць забеспячэння аб’ектамі генерацыі, разглядаем пытанне будаўніцтва альбо трэцяга энергаблока, альбо другой АЭС», — заявіў міністр.
Пра тэрміны прыняцця рашэння ў Мінэнерга пакуль не гавораць. Паведамляецца толькі, што вывучаюцца арганізацыйныя, тэхнічныя і экалагічныя аспекты. Для правядзення разлікаў прыцягнуты спецыялісты і прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, навукоўцы і эканамісты.
Афіцыйны тэлеграм-канал Мінэнерга таксама паведамляе, што 19 мая на БелАЭС з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксея Ліхачова ўзровень магутнасці рэактарнай устаноўкі другога энергаблока быў павышаны з 40 да 50%.
Другі энергаблок БелАЭС быў падключаны да энергасістэмы 13 мая. Што тычыцца ідэі павелічэння магутнасцяў ядзернай энергетыкі, то ўпершыню пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.