
Нагадаем, што экс-старшыня “Белгазпрамбанка”, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, калі яны накіроўваліся ў Цэнтрвыбаркам для здачы сабраных подпісаў.
Пазней банкіру было прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт.243 («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»), ч.2 арт.235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, здзейсненае паўторна альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры»), а таксама па ч.2 арт.431 («Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры»).
У выніку Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 гадоў калоніі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, хаця сам ён на судзе сваю віну не прызнаў.
“Народная Воля” вырашыла параўнаць, колькі банкір атрымліваў раней, і які заробак мае зараз.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Віктар Бабарыка прадаставіў у Цэнтрвыбаркам дэкларацыю аб даходах за 2019 год.
Згодна з дэкларацыяй за 2019 год, працуючы ў банку, Бабарыка зарабіў прыкладна 361 тысячу рублёў. Акрамя гэтага, у тым жа годзе ён прадаў аўтамабіль Toyota Land Cruiser 200 за 22 тысячы рублёў. Такім чынам, даход прэтэндэнта ў прэзідэнты склаў каля 383,1 тысячы рублёў.
Банкір таксама ўказаў даход па аблігацыях Міністэрства фінансаў – 12.950 долараў і 5742 еўра, а таксама па аблігацыях “Белгазпрамбанка” – 3 тысячы долараў і 7500 еўра.
У дэкларацыі было ўказана, што ў 2019 годзе ў В.Бабарыкі былі аблігацыі Мінфіна на 160 тысяч долараў і 116 тысяч еўра.
З маёмасці экс-банкір указаў дом у вёсцы Мачаны плошчай 68,5 квадратных метраў, а таксама тры зямельныя ўчасткі ў гэтым жа населеным пункце (адзін 0,25 гектара – для будаўніцтва і абслугоўвання дома, яшчэ два – для вядзення асабістай гаспадаркі, пры гэтым адзін з іх – у долевай уласнасці).
Таксама ва ўласнасці Віктар Бабарыкі значыўся легкавы аўтамабіль Ford Fiesta 2015 года, трактар і міні-трактар.
Зараз экс-банкір адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №1. У зняволенні Віктар Бабарыка спачатку працаваў апальшчыкам у пякарні з заробкам 6 рублёў 41 капейка ў месяц. Пасля ўсіх утрыманняў на рукі Віктар Дзмітрыевіч атрымліваў усяго 1 рубель 60 капеек.
Пазней Віктар Бабарыка прайшоў атэстацыю па гэтай спецыяльнасці, але яго перавялі на новую работу – укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Па некаторай інфармацыі, заробак пры гэтым павысілі амаль у 35 разоў – да 50 рублёў. Праўда, умовы працы аказаліся даволі складанымі. Чалавек увесь час павінен быў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30 градусаў.
А напрыканцы мінулага года стала вядома, што Віктара Бабарыку кінулі ўжо на новы фронт работы – цяпер палітвязень выпальвае драўляны вугаль. Поўны 9-гадзінны працоўны дзень і 6 дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы, без доступу да побытавага памяшкання. Вядома, што Віктар Дзмітрыевіч мае медыцынскія супрацьпаказанні для такога кшталту працы.
На гэты момант пакуль няма публічнай інфармацыі пра сённяшнія заробкі былога банкіра, але, калі зыходзіць з яго апошняга “аклада” ў калоніі, то за кратамі Віктар Бабарыка атрымлівае ў месяц у 285 разоў менш, чым у 2019 годзе, калі яго месячны заробак на пасадзе старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” складаў прыкладна 14.200 рублёў.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.
ТЫМ ЧАСАМ
Як распавёў днямі былы зняволены папраўчай калоніі №1 у Наваполацку, дзе свой тэрмін адбывае і Віктар Бабарыка, за былым банкірам заўсёды ўзмоцнены кантроль.
Па словах суразмоўцы, там, дзе працуе В.Бабарыка, ставяць вельмі шмат камер, дзеля таго, каб ён не пакідаў працоўнае месца не паводле раскладу. Таксама Бабарыку паставілі на прафілактычны ўлік як “схільнага да захопу закладнікаў, праяўлення агрэсіі і нападу на адміністрацыю” за тое, што ён ножыкам пакінуў драпіны на падваконні, калі рэзаў сала.
Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і распавялі пра гэта аператыўным работнікам калоніі.
Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.