
Біяграфія аднаго з самых вядомых беларускіх святых – Іаана Кармянскага. Даты жыцця пазначаны так: “Нарадзіўся 7(20) кастрычніка 1837 года, памёр – восень 1917”. Але гэта пакуль…
Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі знайшлі і перадалі Камісіі па кананізацыі святых Беларускай праваслаўнай царквы матэрыялы, якія тычацца жыцця і служэння святога праведнага Іаана, цудатворца Кармянскага, якія праліваюць святло на прабелы ў яго біяграфіі.
Адным з найважнейшых дакументаў стала завераная копія метрычнага запісу аб дакладным дні і абставінах скону айца Іаана, якая нядаўна была выяўлена вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Уладзімірам Дзянісавым. З запісу вынікае, што праведны Іаан Кармянскі памёр не ўвосень, і не ў 1917 годзе, а 14 красавіка (27 красавіка паводле новага стылю) 1919 года.
Сярод новаадкрытых матэрыялаў былі выяўлены таксама і богаслужэбныя дзённікі святара. У святле атрыманых звестак рыхтуецца публікацыя новага, ужо дапоўненага і больш маштабнага даследавання, які адносіцца да жыцця і служэння айца Іаана. А таксама выданне яго богаслужэбных дзённікаў.
Нагадаем, што ў 1998 годзе Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы Іаан Кармянскі быў прылічаны да ліку святых як праведны для мясцовага шанавання. 30 лістапада 2017 года Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай царквы прыняў рашэнне аб агульнацаркоўным праслаўленні айца Іаана Кармянскага.