У 2023 годзе стартуе нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі

Фота з адкрытых крыніц.

У спрэчках, добрая ці дрэнная адукацыя ў Беларусі, нарэшце вырашылі расставіць кропкі над “і”. На сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі з’явілася інфармацыя пра правядзенне ў гэтым годзе нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.

Яго прэзентавалі так: “адно з чаканых знакавых адукацыйных падзей 2023 года і новае для краіны даследаванне, накіраванае на атрыманне аб’ектыўнай інфармацыі аб стане сістэмы агульнай базавай адукацыі для прыняцця абгрунтаваных кіраўніцкіх рашэнняў».

Задачы нацыянальнага даследавання якасці адукацыі (НИКО – абрэвіятура з рускай «Национальное исследование качества образования»):

— вызначэнне ўзроўню функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, якія маюць агульную базавую адукацыю;

— аналіз фактараў, звязаных з узроўнем сфарміраванасці функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў;

— выяўленне адпаведнасці адукацыйнай практыкі актуальным запытам навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў;

— інфармаванне грамадскасці пра якасць падрыхтоўкі падрастаючага пакалення да паўнацэннага ўдзелу ў жыцці грамадства, эфектыўнага вырашэння жыццёвых задач.

Паведамляецца, што асноўны этап даследавання – тэсціраванне навучэнцаў, працягласць якога будзе паўтары гадзіны (дзве 40-хвілінныя сесіі з 10-хвілінным перапынкам). Кожны ўдзельнік атрымае варыянт працы, які змяшчае заданні па дзвюх галінах функцыянальнай пісьменнасці (чытацкай і матэматычнай або прыродазнаўчай і фінансавай).

Ніна ШАЎЛЮК.