
Пайшоў з жыцця паэт Міхась Шушкевіч.
Бывае, пісьменнік напіша і выдасць цэлы тузін кніг, а пасмяротнай памяці па ім хапае на кароценькі некралог ды сухі артыкульчык у літаратурнай энцыклапедыі.
А здараецца наадварот – аўтар усяго некалькіх твораў застаецца і ў гісторыі, і ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. Найбольш вядомы прыклад – Паўлюк Багрым, чый верш – адзіны – “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” – як пропуск у вечнасць. Праўда, быў яшчэ адзін “верш”, не напісаны пяром, а выкаваны з металу – славутая жырандоль для Крашынскага касцёла, з якое вось ужо амаль два стагоддзі ўзлятаюць увысь неўміручыя жаўрукі.
Падобны лёс напаткаў паэта Міхася Шушкевіча, які пакінуў гэты свет 17 лютага, усяго два дні не дажыўшы да свайго 90-годдзя. Песня на яго словы “Ты мне вясною прыснілася” – лірычны шэдэўр, з якога ў 1970 годзе пачалася сусветная слава “Песняроў”. У класічным песняроўскім рэпертуары яна глядзіцца як дыямент у кароне, які не прыцьмеў за дзесяцігоддзі. Светлая, узвышаная, трапяткая – як задушэўны, не крыклівы гімн першаму каханню.
Цікавая гісторыя стварэння песні. Кампазітару Юрыю Семяняку ў нейкай газеце трапіўся на вочы верш, які яго ўразіў. Пацікавіўся ў бібліятэцы кнігамі паэта – няма такіх, не выходзілі. А верш ужо набрыньваў мелодыяй, узлятаў жаўруком з душы:
Летняя ночка купальная
Яснай растаяла знічкаю.
Падаюць зоры світальныя
Ў чыстыя воды крынічныя.
Ой ты, дзяўчыначка мілая,
Як жа ты свет упрыгожыла!
Ластаўка ты сiзакрылая,
Легкі мой сон растрывожыла…
Ледзь кампазітар адшукаў аўтара, каб паказаць мелодыю. Міхась Серафімавіч паслухаў, яму спадабалася. І – паляцела песня ў шырокі свет з лёгкай рукі Уладзіміра Мулявіна.
Пройдзе шмат гадоў, Міхась Шушкевіч так і не выдасць ніводнай кніжачкі сваёй лірыкі, хоць пісаць – зрэдку – не перастане. Азіраючыся на пражытае жыццё, Міхась Серафімавіч аднойчы суцешыцца: “Песня, напісаная ў суаўтарстве з Семянякам, стане для мяне самым светлым успамінам, будуць унукі ганарыцца дзедам, відаць, пакінуў след на зямлі”.
Зрэшты, пакінуць свайму народу крылатую песню – хіба гэта мала, хіба недастаткова для апраўдання жыцця? А засталіся ж яшчэ дзве прыгажуні-дачкі, і тыя самыя ўнукі, якім сапраўды ёсць кім ганарыцца…
На развітанні з паэтам сонечным прадвеснем гучалі, прасвятляючы жалобу, шчымлівая мелодыя і надзвычай сугучныя ёй словы: “Ты мне вясною прыснілася…”. Верыцца, што ў такім песенным суправаджэнні душа сціплага беларуса Міхася Шушкевіча і трапіла ў вызначаную ёй святліцу нябеснай Гасподы.
Антон ЗАГОРСКІ.