Тупік Станюты

Фота з адкрытых крыніц.

Восем гадоў таму мінскія ўлады прынялі рашэнне надаць адной са
сталічных вуліц імя двойчы народнай артысткі – Беларусі і СССР – Стэфаніі
Станюты.

Тую радасную вестку, помніцца, падхапілі ці не ўсе айчынныя СМІ
(дзяржаўныя і недзяржаўныя) – Стэфанію Міхайлаўну любілі ўсе, яшчэ пры
жыцці яна стала легендай Купалаўскага тэатра. І ў пахілым веку не пакідала
сцэну, прычым гледачы авацыямі яе не толькі праводзілі, але і сустракалі.
Што ў тэатральным жыцці бывае надзвычай рэдка. І вось трохі запознена, але заслужана і чакана – вуліца Станюты. Ды ў памяць такога чалавека і праспект маглі б назваць!
Але радасць мінчукоў змянілася неразуменнем, смуткам і абурэннем,
як толькі стала вядома, якую вуліцу Мінгарвыканкам адшкадаваў вялікай
артыстцы. Па-першае, на ўскраіне. Па-другое, на той вуліцы ўсяго сямнаццаць дамоў-катэджаў. Па-трэцяе, на яе немагчыма трапіць без дазволу ўласніка – сербскай бізнес-кампаніі, якая амаль на стагоддзе (!) ўзяла ў арэнду ўсе тыя катэджы разам з вуліцай. Падкрэсліваю, у беларускай сталіцы па вуліцы імя народнай артысткі Беларусі, атуленай з аднаго боку беларускім лесам, з другога – беларускім возерам, маюць права хадзіць і ездзіць толькі замежнікі-сербы ды іх госці. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь зайсці туды без адпаведнага дазволу не могуць.

Як такі абсурд увогуле магчымы? Бяром Зямельны кодэкс, знаходзім
там артыкул 7 і чытаем: “Землі, занятыя вуліцамі, праспектамі, плошчамі,
праездамі, набярэжнымі, бульварамі, скверамі, паркамі, адносяцца да земляў
агульнага карыстання”.

Атрымліваецца, беларускае заканадаўства дазваляе мне хадзіць па
вуліцы Станюты, а сербская кампанія “Дана-Астра” – забараняе. Цікавая
калізія вымалёўваецца. Мала таго, адзін з кіраўнікоў кампаніі Вібар Муліч
яшчэ і паўшчуваў беларусаў, якім не спадабаўся фактычны захоп Станютавай
вуліцы, маўляў, супакойцеся, “для іншых грамадзян вуліца не нясе функцыі”.
Як гэта не нясе? Вуліца імя Стэфаніі Станюты шмат якія функцыі
“нясе” – і мемарыяльную, і эстэтычную, і выхаваўчую. Дакладней, “несла б”,
каб яе не загарадзілі жалезнымі варотамі. Не цырымонячыся і не думаючы
пра наступствы.
А што сказалі б сябры-сербы, калі б я прыехаў у Белград, загарадзіў вуліцу імя Іва Андрыча і не пускаў туды суайчыннікаў знакамітага пісьменніка? Відаць, абураныя белградцы неўзабаве вынеслі б мяне з той вуліцы нагамі ўперад. І правільна зрабілі б! Бо нельга зневажаць нацыянальныя святыні, асабліва чужаземцам.
У Беларусі, як выглядае, можна. Пры патуранні Мінгарвыканкама чужаземная кампанія чыніць здзек з памяці вялікай нацыянальнай артысткі і ў вус не дзьме. Пра той здзек неаднаразова пісалі айчынныя СМІ, у тым ліку “Народная Воля”, быў выпадак, калі на вуліцу Станюты ахоўнік не пусціў яе праўнучку – вядомую гімнастку Меліціну Станюту. Пазней, праўда, кіраўніцтва “Даны-Астры” ўсё ж выбачылася перад ёй. Выбачылася і на гэтым усё? Ці, можа, адчуўшы недарэчнасць сітуацыі, урэшце пусціла на тую вуліцу хоць пешаходаў?

Вырашыў я на ўласныя вочы паглядзець, што там ды як.

Прыехаў, прайшоў па вуліцы Станюты роўна пятнаццаць крокаў і ўпёрся ў глухія
жалезныя вароты, на якіх і вісела заінелая шыльда з імем артысткі. Праз
хвіліну з-за варот вызірнуў суровы сяржант з шэўронам на рукаве
“Дэпартамент аховы”. Ну, думаю, зараз крыкне: “Стой, страляць буду!”. Але
сяржант крыкнуў: “Здравия желаю!”. Я міжволі азірнуўся – ці не ідзе за мной
хтосьці ў пагонах і лампасах? Не, “здравия” жадалі мне. Але далей зычлівага “здравия” справа не пайшла, як я ні стараўся. І прасіў, і тлумачыў, і ў тэлефоне Зямельны кодэкс паказваў – безвынікова. Сяржант стаяў непахісна, як Камянецкая вежа. Адзінае, на што згадзіўся, – прыадчыніць вароты, каб я хоць краме вока паглядзеў на тую засакрэчаную вуліцу. Ахоўнік неяк вінавата і непераканаўча даводзіў мне, што вуліца
Станюты – пад’яздны шлях да невядомага яму аб’екта, што вуліца
закальцавана і праезду па ёй далей няма. Маўляў, тупік, то чаго тут залішне
цікаўным швэндацца?

Аде дастаткова кінуць вокам на карту, каб убачыць, што тупік той
штучны, вуліца Станюты пры жаданні лёгка злучаецца з вуліцай Ларысы
Александроўскай. Навошта яе жывасілам загналі за агароджу, ператварыўшы
ў рэжымную тупіковую зону?

А можа, тупік у галовах чыноўнікаў? Ці не пара ўжо старшыні
Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву асабіста заняцца гэтай справай і
развязаць завязаны яго папярэднікамі вулічны вузел?

Варыянтаў тут два.

Або разгарадзіць вуліцу Станюты, перанёсшы вароты і вартаўнічую будку (разам з сяржантам) непасрэдна да невядомага аб’екта. Або пераназваць імем народнай артысткі другую вуліцу, пажадана ў цэнтры горада. Усяго і спраў тых – сямнаццаць шыльдачак зняць. Пераймяноўвалі ж даўжэзныя праспекты – Машэрава і Скарыны, і нічога, справіліся. Вось і вуліца Станюты крычма крычыць, на волю з агароджанага
гета просіцца.

Калі ж справу вырашыць не ўдасца, то ўсё ж не палянуйцеся, Уладзімір
Яўгенавіч, і пад’едзьце на месца. Толькі без помпы, лепш інкогніта. Пільны
сяржант, выконваючы службовую інструкцыю, мабыць, і вас за вароты не
пусціць. Можа, тады і да вас дойдзе, што ганебная сітуацыя з вуліцай
Стэфаніі Станюты – поўны тупік найперш у дзейнасці як Мінгарвыканкама,
так і Мінгарсавета, які непасрэдна прымае рашэнні па пытаннях, звязаных з
тапанімікай сталіцы.

Міхась СКОБЛА.

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.