Суды над мёртвымі: каго будуць судзіць першым?

У Беларусі пройдзе суд над Уладзімірам Катруком, які прымаў удзел у забойствах жыхароў вёскі Хатынь падчас Вялікай айчыннай вайны. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Катрук, які ва ўзросце 93 гадоў памёр у Канадзе ў 2015 годзе, служыў у 118-м батальёне Schutzmannschaft — украінскім паліцэйскім фарміраванні, якое ўдзельнічала ў масавых расправах над мірнымі жыхарамі. У прыватнасці, у сакавіку 1943 года яны жыўцом спалілі ўсіх жыхароў вёскі Хатынь.

«(…) для таго, каб людзі разумелі, хто такі Катрук, як канкрэтна ён зверстваваў, як ён канкрэтна забіваў людзей, і колькі ён забіў жанчын, старых, дзяцей, як ён нікога не шкадаваў. Вось для гэтага трэба рашэнне суда . Нашага нацыянальнага суда. І ён будзе», — заявіў генпракурор Беларусі ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1».

Андрэй Швед таксама падкрэсліў, што інфармацыя і аб іншых нацыстах і іх памагатых, якія ўдзельнічалі ў карных аперацыях у гады Вялікай айчыннай вайны, павінна быць даведзена да грамадства.

«І іншыя каты павінны фігураваць у прысудах нашага суда, для таго, каб гэта перадаваць нашай грамадскасці і сусветнай супольнасці. Прыйдзе час, я ў гэтым упэўнены, калі ўсе кропкі будуць расстаўленыя — і нацысты і іх памагатыя будуць прызнаныя тымі, хто яны ёсць на самой справе. Як гэта было адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі былі і Нюрнбергскі трыбунал, і ў нас у БССР ды іншых савецкіх рэспубліках праводзіліся трыбуналы і давалася аб’ектыўная ацэнка», — адзначыў Швед.

Што тычыцца Уладзіміра Катрука, то гэта не новае імя ў спісе нацыстскіх злачынцаў. У свой час крымінальная справа супраць яго была ўдзбуджана ў Расіі. Больш за тое, Уладзімір Катрук уваходзіў у дзясятку найбольш адшукваемых асоб са спісу цэнтра Сымона Візенталя — амерыканскай няўрадавай арганізацыі, якая займаецца пошукам тых, хто здзейніў злачынствы супраць чалавецтва. Менавіта яны і расшукалі Катрука ў квебекскім муніцыпалітэце Мантэрэжы ў Канадзе.

Згодна інфармацыі, якая друкавалася раней, у ліпені 1944 года немцы перакінулі 118-ы батальён, у якім служыў Катрук, у Францыю. Там ён дэзерціраваў і далучыўся да французскага Супраціву. Вайну скончыў у шэрагах французскага Замежнага легіёна ў Італіі. Па тагачасных дамоўленасцях паміж саюзнікамі, Уладзімір Катрук не мог быць выдадзены Савецкаму Саюзу ў 1945 годзе, паколькі ніколі не быў грамадзянінам СССР (справа ў тым, што ён нарадзіўся ў той частцы Украіны, якая да вайны ўваходзіла ў склад Румыніі). Правёўшы некаторы час у фільтрацыйным лагеры, Катрук выйшаў на волю і застаўся ў Францыі. Потым пераехаў у Канаду.

Дарэчы, ў Канадзе яго спрабавалі судзіць. Але Катрук свой удзел у спальванні Хатыні катэгарычна адмаўляў. І хоць суддзя не паверыў у шчырасць гэтых паказанняў, але канадскаму суду ў 1999 годзе доказаў не хапіла.

ИсточникНародная Воля
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".