Старонкі гісторыі. “Магілёўскае цунамі”: малавядомая трагедыя

10 красавіка 1942 года ў Магілёве адбылася тэхнагенная катастрофа, аналагаў якой у гісторыі Беларусі больш невядома. Патоп на невялічкай Дубравенцы забраў жыцці соцень магілёўцаў, вынішчыў дзясяткі дамоў.

Прычыны трагедыі на Дубравенцы і сама хада падзей зараз добра вядомыя даследчыкам. Зусім не так ішлі справы яшчэ з пару дзясяткаў гадоў таму – пра “Магілёўскае цунамі” ведала толькі жменька спецыялістаў, а ў самім горадзе нічога не нагадвала пра патоп 1942 года і яго ахвяр. Але  ў чэрвені 2022 года памяць пра “цунамі” ў Магілёве нарэшце была адзначана ў гарадской прасторы – высілкамі магілёўскага актывіста Ігара Бадзькова, пры дапамозе гісторыкаў і краязнаўцаў Аляксея Бацюкова і Алега Лісоўскага на месцы трагедыі была пастаўлена інфармацыйная таблічка. Пра трагедыю зараз распавядае і Музей гісторыі Магілёва.

“Магілёўскае цунамі” здарылася падчас Вялікай Айчыннай. “У чэрвені—ліпені 1941 года пры адступленні з Магілёва савецкія войскі падарвалі чыгуначны насып на Дубравенцы, разбурылі мост, які знаходзіўся за ім. Плыня ракі спынілася, паступова стала збірацца возера. Гэта маса вады збіралася да красавіка 1942 года, і ў ходзе работ па спуску вады (а работы арганізоўвала арганізацыя, якая падпарадкоўвалася нямецкаму камандаванню) гэты чыгуначны насып быў знесены, і вада хлынула на пойму ракі Дубравенкі,” – распавядаў аб трагедыі былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

У Магілёве сабралі і сведчанні відавочцаў тых падзей.

Гэта была пятніца. Усё адбылося, як расказвалі людзі, “у дванаццаць гадзін дня ці трошкі пазней”.

“Першапачатковы вал вады з ільдзінамі дасягаў 15 метраў, – узгадваў катастрофу магілёвец Т. Крываносаў. – Вада змятала ўсё на сваім шляху, над горадам падняўся страшэнны шум і грукат. Я пачуў яго дома (вуліца Ленінская, 27) і адразу накіраваўся за людзьмі, якія беглі да Дубравенкі, у раён гарадскога парка. Адсюль адкрылася страшная карціна – мутная, бурая вада заліла ўсю пойму Дубравенкі, у тым ліку і Быхаўскі рынак.”

Адразу пасля патопу ў гарадской прэсе паявілася нататка, у якой называлася прыблізная колькасць ахвяр у 2000 чалавек. Сучасныя даследчыкі схіляюцца да ацэнкі ў некалькі соцень чалавек. Большасць з іх трапілі пад смяротны вал вады ў дамах, што стаялі абапал Дубравенкі і ў даліне ракі Струшні, а таксама былі на Быхаўскім рынку. Людзі гінулі, калі вада паглынала іх на вуліцы, затаплівала да самай столі іх дамы, калі ледзяныя глыбы разбівалі сцены. Сярод ахвяр апынулася шмат дзяцей – відавочцы распавядалі пра люльку з немаўляткам, якую несла па плыні, а з яе даносіўся дзіцячы плач.

Прычына трагедыі, як цяпер мяркуюць навукоўцы, палягала ў тым, што папсаваны падрывам чыгуначны насып увесь канец 1941-га года і ў пачатку 1942-га быў неабходны нямецкаму камандаванню для транспарціроўкі грузаў па чыгунцы. Таму яны не дазвалялі гарадскому кіраўніцтву правесці своечасовыя рамонтныя работы.

“Тапельцаў збіралі на берагах Дняпра і дастаўлялі іх у гандлёвы павільён на Быхаўскім рынку. – распавядаў іншы відавочца, Е. Кавалькоў. – Тут былі жанчыны, мужчыны, малечы ў пялюшках. Даліна Дубравенкі непазнавальна памяняла свой выгляд – скразная пустыня сярод высокіх берагоў і глыбы блакітнага лёду, што таялі пад прамянямі веснавога сонца.

Сёння старых пабудоў, якія памятаюць тыя падзеі, практычна не засталося. У пачатку акупацыі ў гэтай частцы Магілёва на аснове яўрэйскага квартала было створана гета. Праіснавала яно нядоўга, усіх аднойчы вывезлі і забілі. Пасля гэтага апусцелыя дамы адміністрацыя прынялася прадаваць тым, каму было патрэбна жытло. Многія з іх пасля і загінулі.

Ёсць трохтомнік “Гісторыя Магілёўскага яўрэйства: дакументы і людзі”, які быў выдадзены мізэрным тыражом. Аўтары, апроч іншага, сабралі інфармацыю і пра падзеі 10 красавіка 1942 года, апыталі апошніх сведак патопу (большасць тады былі дзецьмі).

Уладзіміру Данілаву ў красавіку 1942-га было дзевяць гадоў: “Запомніўся крык:» Уцякайце, Уцякайце!» Мяне адцягнуў нейкі мужык. Узрушаны, я нават не звярнуў на яго ўвагі. Плылі дамы, на дахах, трымаючыся за трубу, сядзелі людзі. Велічэзныя крыгі ўдаралі па будынках, дамы ламаліся, людзі падалі, танулі. Хтосьці спрабаваў выратавацца на дрэвах. Дрэвы разгойдваліся, дакраналіся вады і, скінуўшы чалавека, выпростваліся. Першымі знесла дамы, якія стаялі бліжэй да ракі. Іншыя трымаліся пад напорам вады, але крыгі таксама іх збівалі. Шмат людзей мылася ў лазні. Некалькім удалося выскачыць, потым дзверы зачыніла вада. Усе загінулі. У доме насупраць нашага жанчына апынулася зачыненай – напор вады трымаў дзверы. Жанчына выбіла акно і крыкнула: «Ратуйце!» Муж, які знаходзіўся метрах у ста, распрануўся, каб скокнуць у ваду. Мужчыны яго не пусцілі, адцягнулі, звязалі: “Вада ледзяная, ты загінеш і нічога не зробіш”. Я бачыў, як яна стаіць, а вада ўсё прыбывае. Яна не вытрымала пераахаладжэння, упала. На другі дзень мы з хлопцамі вярталіся на Дубровенку. Не было ні дамоў, ні дарогі,  – усё змыта. Ляжалі тоўстыя, больш за метр таўшчынёй, крыгі. Пад некаторымі крыгамі ляжалі прыціснутыя людзі. Дзесьці ў карчах ляжаў мёртвы чалавек”.

Ці вось яшчэ сведчанне. Людміла Якубоўская (вясной 1942-га ёй было 11 гадоў): “У той дзень мы спецыяльна пабеглі паглядзець на разліў. Стаялі проста на чыгуначных шляхах. Пачулі глухі выбух – і раптам насып пад рэйкамі паехаў у бакі. Рэйкі павіслі, як канатная дарога. Мы кінуліся бегчы, правал за намі раз’язджаўся…

Побач з Дубравенкай у высокім трохпавярховым доме жыла мая знаёмая цётка Тася. Калі пайшла вада, яна з дочкамі паднялася на гарышча, а потым вырашыла спусціцца за папяросамі. Вада нахлынула, паднялася да столі і праз некалькі хвілін сышла. Жанчына захлынулася – калі дочкі спусціліся, яна мёртвая стаяла на дыбачках на ляжанцы, трымаючыся за юшку. У паводцы загінула мая сяброўка, аднагодка Маня. Яна скокнула ў ваду за братамі, і яе зацягнула пад крыгу. Я бачыла, як плыў іх дом, з трубы ішоў дым, а падвыпілыя пажылыя бацькі выглядалі з акна, п’яна ўсміхаліся»…

Многія магілёўцы, дарэчы, пра трагедыю ўжо добра ведаюць. А вось за межы горада гэта гісторыя амаль не выйшла, для большасці беларусаў яна так і застаецца шырока невядомай.

Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.