
Пасля падзей 2020 года Дзмітрый Семчанка сышоў з тэлеканала АНТ і публічна патлумачыў – чаму. У верасні 2020-га ён быў асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту.
Другім заходам Дзмітрый трапіў у поле ўвагі праваахоўнікаў праз два гады, 15 верасня 2022 года. Спачатку яму далі 15 сутак арышту па артыкуле 19.1 КаАП аб дробным хуліганстве, затым асудзілі яшчэ раз, ужо на 13 сутак арышту, за «экстрэмісцкія матэрыялы» ў сацсетках. А ў выніку ўзбудзілі крымінальную справу паводле часткі ч. 1 арт.130 Крымінальнага кодэкса Беларусі па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці.
Як паведаміла Генеральная пракуратура, Семчанка з 2020 года публікаваў у тэлеграм-каналах пасты, «накіраваныя на фармаванне ў грамадскасці непрыязнасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады».
Паводле прад’яўленага артыкула, журналісту пагражае да пяці гадоў турмы.
Першае пасяджэнне суда над былым журналістам тэлеканала АНТ Дзмітрыем Семчанкам запланавана на 21 сакавіка.
Іван ШАЎЛЮК.