
Як паведамляе прэс-служба футбольнага мінскага “Дынама”, расійская букмекерская кампанія Winline стала тытульным спонсарам футбольнага клуба на сезоны ў гэтым і наступным годзе.
Дырэктар па маркетынгу Winline Аляксандр Запольскіх так пракаментаваў дамоўленасць з мінскім клубам: “Вельмі задаволены першым годам супрацоўніцтва з “Дынама”, у якім ўдалося сумесна рэалізаваць некалькі цікавых праектаў. А ў гэтым годзе ўжо ў статусе тытульнага партнёра зробім усё магчымае, каб кожны дамашні матч стаў больш яркім і запамінальным. Спадзяёмся, што пры падтрымцы балельшчыкаў “Дынама” ізноў стане чэмпіёнам Беларусі!”
Радуе аптымізм прадстаўніка расійскай букмекерскай канторы, але, калі ён не ведае, то апошні раз чэмпіёнам краіны сталічнае “Дынама” станавілася амаль 20 гадоў таму – у 2004 годзе. Таму выраз “ізноў стане чэмпіёнам Беларусі” гучыць нават некалькі з гумарам.
Варта таксама нагадаць, што ў мінулым годзе “Дынама” і наогул не заваявала медалёў, заняўшы чацвёртае месца, пра што ўзгадваў не так даўно і Аляксандр Лукашэнка.
“Мінскае “Дынама” якія медалі ўзялі? , – звяртаўся А.Лукашэнка да міністра спорту Сяргея Кавальчука. – Чацвёртае месца, драўляныя? Дык драўляныя я вам намалюю і без грошай. А вы адказваеце за гэтую каманду. Я вам даручыў – займіцеся, і я вам даў грошы…”
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.