“Спадзяюся, што ў бліжэйшы час зможам убачыцца…”

Кацярына Бахвалава (Андрэева). Фота з адкрытых крыніц.

Муж зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай распавёў “Народнай Волі” пра апошнія навіны ад жонкі.

Нагадаем, Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманы 15 лістапада 2020 года. Яе асудзілі на 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Кацярына павінна была выйсці на волю 5 верасня 2022 года, аднак 7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі новае абвінавачванне. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы калоніі за «здраду дзяржаве».

Адбывае пакаранне Кацярына ў Гомельскай калоніі.

– Каця адчувае вялікую фізічную і маральную стомленасць, але нейкіх вялікіх праблем унутры калоніі апошнім часам у яе не было, – распавядае Ігар ІЛЬЯШ, муж журналісткі. – Як і ўсе, працуе на швейнай вытворчасці. Наколькі вядома, заказы самыя розныя, таму даводзіцца шыць вопратку для розных дзяржаўных структур. Не абслугоўваюць нейкую адну канкрэтную арганізацыю – міліцыю ці МНС.

Каця не распавядала пра дэталі гэтага вытворчага працэса, але, думаю, у яе ўсё атрымліваецца. Калі б не атрымлівалася, і яна зніжала б “тэмпы выпрацоўкі”, то, напэўна, былі б нейкія спагнанні. А так усё добра.

Які зараз у яе заробак?

– Шчыра кажучы, мы гэтую тэму нават не абмяркоўвалі. Калі жонка толькі прыехала ў калонію, яна называла мне свой афіцыйны заробак, але лічбу я нават не запомніў. Памятаю толькі, што гэта былі нейкія сімвалічныя капейкі.

Але не лічу гэта значнай праблемай, якую варта абмяркоўваць. Дзякуй Богу, што апошнім часам не хварэе, вось гэта больш важна. Хаця зрок у Каці пагоршыўся.

– На спатканне з Кацярынай разлічваеце?

– Вельмі спадзяюся, што ў бліжэйшы час мы зможам убачыцца.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.