
Нагадаем, што палітолаг Аляксандр Шпакоўскі днямі выказаў меркаванне, што ў Беларусі пасля перарэгістрацыі могуць застацца ўсяго тры палітычныя партыі: “Менавіта тры гэтыя флагманы (БП “Белая Русь”ЛДП, КПБ) складуць айчынную партыйную сістэму”.
Вось што на гэта сказаў “Народнай Волі” старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
“Праўладныя палітолагі – гэта тыя ж самыя прапагандысты, толькі з функцыяй “прамацаць сітуацыю” і атрымаць рэакцыю на планы, якія рэалізуе ўлада, — дзеліцца сваімі думкамі Барысаў. — А планы зразумелыя – зрабіць татальную чыстку партыйнай сістэмы і пакінуць у ёй толькі тыя палітычныя партыі, якія з’яўляюцца лаяльнымі і не паставілі пад сумнеў сваю рэпутацыю ў пытанні лаяльнасці.
У гэтым звязку КПБ і ЛДПБ прызнаныя лаялісты. Лідары гэтых арганізацый пад рознымі прычынамі адмовіліся ўдзельнічаць у круглым стале палітычных партый, які адбыўся ў верасні 2020 года ў Мінску. Тады 10 палітычных партый (у тым ліку частка лаяльных да ўлады) прынялі сумесную рэзалюцыю аб спыненні гвалту, вызваленні ўсіх затрыманых і прызначэнні новай даты прэзідэнцкіх выбараў.
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці тады падтрымала рэзалюцыю, у выніку чаго ў партыі ўтварыўся канфлікт, які прывёў да адстаўкі яе кіраўніка. Напэўна, таму пра яе не ўзгадвае Аляксандр Шпакоўскі.
Канфігурацыя новай партыйнай сістэмы з партыяй “Белая Русь”, КПБ і ЛДПБ – гэта дэманстрацыя слабасці.
Па-першае, улада праз змены ў закон “Аб палітычных партыях” дайшла да таго, што, каб партыі працавалі, – ім трэба дзяржаўнае фінансаванне. З апазіцыяй грашамі дзяліцца тут ніхто не хоча.
Па-другое, усе існуючыя партыі – не канкурэнтаздольныя дэмакратычным на свабодных і справядлівых выбарах. Адпаведна, яны не павінны існаваць, каб не раздражняць і не правакаваць магчымае незадавальненне грамадзян.
Вопыт 2020 года паказаў, што лепш стабільнасць, чым дэкаратыўны плюралізм. Разумеючы, што чаргі на выбары, каб прагаласаваць за ўсе гэтыя партыі не будзе, – была адменена яўка выбаршчыкаў у парламент.
Усё гэта паказвае на тое, што ўлада не думае пра ўстойлівасць ні партыйнай, ні палітычнай сістэмы, а ўсё гэта рана ці позна прывядзе да развалу і гэтай мадэлі.
Створаная партыя “Белая Русь” – гэта праява беларускага месніцтва, калі ў адной супольнасці апынуліся людзі ў вузкамеснымі інтарэсамі, якія наносяць шкоду агульнай справе – будаўніцтву незалежнай Беларусі.
У прынятай праграме прапісана, што “Белая Русь” “аб’ядноўвае прыхільнікаў першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”, а гэта гаворыць пра многае. Стаўка робіцца на асобу, а не на арганізацыю і яе прынцыпы. Не будзе Лукашэнкі, то і не будзе “Белай Русі”. Такая трагікамедыя атрымліваецца…
У яе працяг Лукашэнка публічна адхрысціўся ад “Белай Русі”, як ад партыі ўлады. Бо нават з ёй ён, відаць, не збіраецца дзяліцца “персцянём улады”…
Таму члену вышэйшага палітычнага савета партыі “Белая Русь” Аляксандру Шпакоўскаму і яго калегам не варта спадзявацца, што яны патрапілі ў палітычную абойму. Яны ў абойме ідэалагічнай лаяльнасці, якая не больш чым перыферыйна і нічога ім не гарантуе, за выключэннем цытавання фраз свайго правадара. А партыям варта генерыраваць і рэалізоўваць свае ідэі”.