“Сказалі: прыходзьце ў суд – усё даведаецеся…”

Ксенія Луцкіна. Фота з адкрытых крыніц.

На 19 красавіка Мінскі гарадскі суд прызначыў новы працэс у дачыненні да былой супрацоўніцы Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкінай, якая ўжо асуджана і адбывае пакаранне ў Гомельскай калоніі.

Нагадаем: Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

28 верасня мінулага года Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.

У студзені гэтага года Ксенія Луцкіна была ўключана ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Адбывае пакаранне Ксенія ў Гомельскай калоніі №4.

Зараз, як вынікае з графіка пасяджэнняў Мінскага гарадского суда, 19 красавіка ў дачыненні да Ксеніі Луцкінай будуць разглядацца “пытанні, звязаныя з вынясеннем прысуду, пастановы на выкананне”. Пры гэтым не канкрэтызуецца, што гэта за “пытанні”.

– Я таксама хацеў даведацца больш канкрэтна пра гэты працэс, – распавёў “Народнай Волі” Алег ЛУЦКІН, бацька журналісткі. – З гэтай нагоды звярнуўся ў Мінскі гарадскі суд, але там мне адказалі так: прыходзьце 19 красавіка на працэс, там усё даведаецеся. Больш нічога не патлумачылі.

Не выключана, што новы працэс звязаны з удакладненнем фармуліровак па канфіскацыі маёмасці, магчыма, будуць высвятляць некаторыя дэталі. Але гэта толькі здагадкі…

Ксенія будзе прысутнічаць на судзе ці застанецца ў калоніі?

– Яна будзе ўдзельнічаць у працэсе па скайпе.

Як яе здароўе зараз?

– Я ўжо казаў, што з-за анкалогіі дачку паставілі ў чаргу на МРТ, хаця невядома, колькі ў гэтай чарзе давядзецца чакаць. Увогуле ж, самаадчуванне Ксеніі не вельмі добрае.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.