
Міністэрства юстыцыі Беларусі паведаміла, што прадстаўнікі грамадскіх назіральных камісій сумесна з прадстаўнікамі Генеральнай пракуратуры і Дэпартамента выканання пакаранняў наведалі з інспекцый папраўчую калонію №15 у Магілёве.
Дадзеная ўстанова прызначана для ўтрымання асоб, якія ўпершыню адбываюць пакаранне, таму ў ёй зараз знаходзіцца нямала палітзняволеных. Менавіта там адбываюць пакаранне нашы калегі Сяргей Сацук, Андрэй Скурко, Аляксандр Фядута, Аляксандр Любянчук, Дзяніс Івашын. Менавіта ў гэтай калоніі зараз знаходзіцца кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў (па апошніх звестках, ён змешчаны ці то ў карцар, ці то ў ШІЗА).
Ці сустракаліся інспектары з кім-небудзь з іх, не паведамляецца.
“Грамадскія назіральныя камісіі падчас наведвання ПК №15 азнаёміліся з умовамі побыту асуджаных, арганізацыяй іх вольнага часу, умовамі арганізацыі працоўнай дзейнасці, медыка-санітарнага забеспячэння, правялі гутаркі з асуджанымі. Таксама праведзена анкетаванне асоб, якія знаходзяцца ў ПК №15”, – паведамляе Мінюст.
Вердыкт такі: “Умовы размяшчэння, харчавання, лячэння, арганізацыя вольнага часу асуджаных і іх працаўладкавання ў ПК №15 адпавядаюць усім патрабаванням, устаноўленым для сістэмы выканання пакаранняў. У ходзе гутаркі з асуджанымі скаргаў і нараканняў на працу адміністрацыі папраўчай установы і ўмовы размяшчэння не паступала.
Грамадскімі назіральнымі камісіямі была адзначана работа, якая праводзіцца адміністрацыяй ПК №15 і Дэпартаментам выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў, па паляпшэнні ўмоў пражывання асуджаных у дадзенай установе, звязаная з правядзеннем якаснага рамонту памяшканняў, добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, забеспячэннем для асуджаных магчымасці ажыццяўлення званкоў з дапамогай відэасувязі і магчымасці для асуджаных і іх сваякоў, у інтарэсах асуджаных, здзяйсняць анлайн-пакупкі ў інтэрнэт-краме, якая функцыянуе ў дадзенай установе.
У ПК №15 створаны неабходныя ўмовы для атрымання дыстанцыйнай вышэйшай адукацыі, а таксама прафесійна-тэхнічнай адукацыі на тэрыторыі ПК №15 па шэрагу прафесій”.
Да справаздачы прыкладзена нават фота меню на дзень наведвання інспекцыі. Сняданак: каша аўсяная, гарбата, яйцо, хлеб аржаны і пшанічны (для тых, хто на спецменю, дададзена яшчэ масла).
Абед: расольнік “Ленінградскі” са смятанай, тушаная бульба з катлетай, кісель, хлеб (па спецменю – яшчэ і кабачковая ікра).
Вячэра:– макароны з каўбасой, гарбата, хлеб.
На рэкламе меню калоніі – і боршч, і дранікі, і запяканка з бульбы… Але тыя, хто вызваліўся, не аднойчы паведамлялі, што на час розных інспекцый ладзіцца паказуха. Тым, хто паскардзіцца – не вылезці з ШІЗА. Ды і ўсе бачылі, якім схуднелым вызваліўся з гэтай калоніі журналіст Алег Груздзіловіч. І распавядаў не пра расольнікі, а пра сапраўдныя ўмовы ўтрымання.
“Я ўсё сваё свядомае жыццё думаў, што ШІЗА і карцар – гэта адно і тое, пісаў пра ШІЗА «карцар». Цяпер я зразумеў, што гэта розныя рэчы.
Карцар – гэта лягчэй. Карцар можа быць у следчым ізалятары. А ў калоніі ШІЗА – штрафны ізалятар. У карцары табе даюць матрац, бялізну, ты спіш у нармальных умовах. Днём усё гэта складаецца і ложак прышпільваецца. І ты ўвесь дзень на нагах. А ў ШІЗА ты спіш на голых дошках, якія роўна ў 9:00 вечара апускаюцца і ў 5:00 падымаюцца. Ты павінен хутка ўстаць, прышпіліць іх, а далей цэлы дзень хадзіць. Там маленькая лаўка, высокая такая, на ёй не паспіш. Вочка ўвесь час адкрываецца, глядзяць на цябе, ці спіш ты. Калі вочы закрыеш, на цябе могуць скласці рапарт, што ты спаў, і яшчэ 10 сутак атрымаеш”.
«На мне была жоўтая бірка. Яна пазначае тое, што я схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Зняволеным яна нясе шмат дадатковых побытавых і арганізацыйных праблем. Ты павінен быць увесь час навідавоку, у першых шэрагах у калоніі. Ты не можаш адзін перасоўвацца па калоніі па нейкіх сваіх патрэбах. Твой ложак на праходзе, а там заўсёды адкрыта акно, скразняк, табе холадна. Калі ты ходзіш з біркай, да цябе дадаткова прычэпяцца, што ты гузік не зашпіліў, дрэнна кашулю надзеў. Да мяне так чапляліся, і мне пагражала ШІЗА.
У кашулі ёсць кішэня, куды гэтая бірка ўстаўляецца. І ты павінен увесь час з ёй хадзіць. Нават калі ты займаешся фізкультурай, у цябе павінна быць такая штучка”.
“Адміністрацыя ставіцца па-іншаму. Дэкларуюць, што яны па-за палітыкай, «нам усё роўна, за што вы, нам важна, каб вы падпарадкоўваліся, выконвалі абавязкі». Але заўважна, што патрабаванні да “палітычных” і астатніх розныя. Тое, што даруецца звычайным зняволеным, з белымі біркамі, недаравальна “бэчэбэшнікам”. Да іх больш увагі. Пагроза атрымаць спагнанне значна большая».
Дарэчы, як расказалі родныя зняволеных, кіраўніцтва калоніі ўсіх папярэдзіла, што калі нейкія навіны пра іх будуць з’яўляцца ў СМІ, то няхай чакаюць праблем. Ці няма жадання ў назіральнай камісіі разабрацца з такім свавольствам?
Ігар МАРОЗАЎ.