Сёння – незвычайная ноч

Фота з адкрытых крыніц.

21 красавіка ў 19.00 некаторыя бібліятэкі Беларусі запрашаюць на «Бібліяноч-2023», міжнародную акцыю ў падтрымку чытання. Уваход на мерапрыемства вольны!

Акцыя прымеркавана да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, які быў заснаваны ЮНЕСКА ў 1995 годзе і штогод адзначаецца 23 красавіка.

У праграме акцыі «Бібліяноч-2023» –  мноства тэматычных пляцовак для дарослых і дзяцей. Гасцей, як заўсёды, парадуюць розныя актыўнасці –  майстар-класы, гульні, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і іншыя забавы. Дакладную праграму мерапрыемства можна паглядзець на сайце кожнай з бібліятэк, якія ўдзельнічаюць у акцыі. І там ёсць з чаго выбіраць. Так, у сталічнай бібілятэцы імя Янкі Купалы, напрыклад, адбудзецца прэзентацыя кнігі “Смак беларускай гісторыі” і кулінарны майстар-клас. Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка дазволіць наведвальнікам зазірнуць у фонд рэдкай кнігі, прапануе сваімі рукамі вырабіць амулеты і абярэгі. У Нацыянальнай біліятэцы будуць ладзіць канцэрт-лекцыю класічнай музыкі, этна-вечарыну і шмат іншага.

Але найбольш цікавай падаецца праграма, якую прапанавала  Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй і сумежнымі дысцыплінамі, тут падрыхтавалі антрапалагічна-археалагічную выставу з інтрыгуючай назвай «Скура ды косткі», а таксама блок з навукова-папулярных лекцый.

“Антраполагі распавядуць аб тым, як змяняліся людзі на працягу апошняй тысячы гадоў. Вы даведаецеся, чым хварэлі людзі Х стагоддзя, а таксама паспрабуеце ўявіць, як будзе выглядаць чалавек будучыні”, –  анансуюць арганізатары.

–  Разам з Алегам Дзярновічам раскрыем загадкі фрэсак Княскай вежы. Зусім нядаўна адкрыццё фрэсак у Крэўскім замку стала сапраўднай сенсацыяй для Беларусі. Шматлікія выявы, якія ўпрыгожвалі муры пакояў вялікіх князёў, перажылі ўсе ліхалецці і гістарычныя падзеі, дайшлі да нас і распавядуць свае гісторыі. Хто, калі і навошта іх стварыў? Што менавіта было намалявана на іх? Маўчанне, якое доўжылася некалькі стагоддзяў, перарвецца падчас правядзення  “Бібліяночы-2023”.

–  Ці заўважалі Вы за сабой пачуццё захаплення, калі бачылі старажытныя рукапісы? Элегантнасць ініцыялаў, мастацкае аздабленне рукапісных помнікаў не можа не ўражваць і не выклікаць трапяткіх пачуццяў. Ва ўсёй гэтай прыгажосці Вы зможаце разабрацца на лекцыі Аляксандра Доўнара «Эстэтыка гістарычнай крыніцы».

–  Эпідэміі суправаджалі чалавецтва на працягу ўсёй яго гісторыі. Яны заўсёды мелі сур’ёзныя наступствы: змянялі звыклы лад жыцця, прымушалі па іншаму паглядзець на пытанні ўласнай гігіены і санітарнага забеспячэння вёсак, гарадоў, або цэлых рэгіёнаў. Падчас нашай лекцыі мы пагаворым пра эпідэміі так званага «доўгага ХІХ стагоддзя» і той сацыяльны эфект, які яны мелі для беларускіх земляў.

–  Тых, хто цікавіцца геніялогіяй запрашаюць паслухаць лекцыю Вадзіма Урублеўскага «Бібліяграфія генеалогіі Беларусі: анонс найбольш важных кніжных выданняў».

Мерапрыемствы адбудзецца 21 красавіка па адрасе: Мінск, вул.Сурганава, 15 з 19.00 па 23.00. Уваход вольны.

 

Якія бібліятэкі Беларусі бяруць удзел у акцыі “Бібліяноч-2023”?

Мінск

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116).

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча НАН Беларусі (вул. Сурганова, 15).

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (вул. Фабрыцыуса, 28).

Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.Астроўскага (пр. Газеты Праўда, 20а).

Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В.Харужай, 16).

Бібліятэка № 13 (вул. Народная, 43а).

 

Рэгіёны

Гродзенская вобласць:

Навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Астравецкая раённая бібліятэка.

Магілёўская вобласць:

Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва.

Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна.

Бібліятэчная сетка Клічаўскага раёна.

Бібліятэчная сетка Крычаўскага раёна.

Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна.

Бібліятэчная сетка Хоцімскага раёна.

Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна.