Сяргей Сацук сустрэне ў калоніі 55-гадовы юбілей

Сяргей Сацук. Фота з адкрытых крыніц.
Сяргей Сацук. Фота з адкрытых крыніц.

Нагадаем: Сяргей Сацук – былы галоўны рэдактар заблакаванага інтэрнэт-партала «Ежедневник».

Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. Сяргея абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт.430), «распальванне варожасці» (арт.130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт.426).

У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама журналісту прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускіх рублёў.

Адбывае пакаранне Сяргей Сацук у калоніі №15 г.Магілёва. Заўтра яму спаўняецца 55 год…

– У лістах, безумоўна, павіншавалі Сяргея, – распавёў «Народнай Волі» брат журналіста Аляксандр Сацук. – Цудоўна разумеем, што калонія – не тое месца, дзе святкуюць юбілеі, так што ніякіх паслабленняў для брата ў гэты дзень, думаю, не будзе.

Больш за тое – стала вядома, што са справы Сяргея зніклі медыцынскія дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у брата розных хвароб, зараз яго прызначылі на цяжкую працу, як абсалютна здаровага чалавека.

З СІЗА перадалі дакументы, а ў калоніі кажуць, што медыцынскіх даведак у справе няма. У брата хрыбетная грыжа, праблемы з сэрцам, што пацвярджалася па выніках абследавання ўрачамі, а зараз іх заключэнні некуды зніклі. Наколькі вядома, жонка Сяргея не так даўно паўторна даслала гэтыя дакументы ў калонію.

На якой працы зараз заняты Сяргей?

– Дакладна не ведаю, што ён там робіць, але нешта звязана з металаломам. Брат паведаміў, што нават уколы пачалі калоць, бо спіна баліць. Праблемы з сэрцам таксама нікуды не зніклі… Такі вось “падарунак” да юбілея.

Віктар ШПАК.