Сяргей Кавальчук захваляваўся…

Сяргей Кавальчук. Фота з адкрытых крыніц.
Сяргей Кавальчук. Фота з адкрытых крыніц.

На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства спорту і турызму з удзелам членаў выканкама Беларускай федэрацыі футбола.

Як паведамляе прэс-служба спартыўнага ведамства, галоўнай тэмай калегіі было пытанне “аб прычынах няўдалага выступлення нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па футболе і беларускіх клубаў на міжнародных спаборніцтвах і мерах, якія трэба прыняць па стабілізацыі становішча”.

Трэба адзначыць, што мерапрыемства прайшло, можна сказаць, у закрытым фармаце, запрасілі туды толькі “свае” СМІ. А вось для запрошаных удзельнікаў форуму, па некаторай інфармацыі, “явка была обязательной».

Тое, што міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук захваляваўся “нестабільным становішчам” беларускага футбола, зразумець можна. У снежні мінулага года ён добра атрымаў “на арэхі” ад Аляксандра Лукашэнкі падчас абмеркавання пытанняў развіцця спартыўнай галіны. Казалі тады і аб правалах у футболе.

“Зараз ідзе чэмпіянат свету, – звяртаўся А.Лукашэнка да міністра спорту. – Я нешта, Сяргей Міхайлавіч, не заўважыў там нашых футбалістаў. Іх там і блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёння там паказваюць спартсмены. Мне проста страшна становіцца. Гэты від спорту, як і многія іншыя, у жахлівым стане!

А некалі, прызначаючы вас, я спадзяваўся што вы, як чалавек ваенны, які любіць спорт, разумее яго, павернеце там. І дзе вынікі? Мінскае “Дынама” якія медалі ўзялі? Чацвёртае месца, драўляныя? Дык драўляныя я вам намалюю і без грошай. А вы адказваеце за гэтую каманду. Я вам даручыў – займіцеся, і я вам даў грошы. А вы мне кажаце пра санкцыі…”

І Сяргей Міхайлавіч сур’ёзна ўзяўся за справу! Па-першае, калегія доўжылася аж шэсць гадзін. Памкненне ахапіць як мага больш праблемных пытанняў вітаецца, але не факт, што колькасць перарасце ў якасць. Як сказаў адзін з удзельнікаў мерапрыемства, балбатаць можна было і да раніцы, але раніцай крылы ў беларускіх футбалістаў не вырастуць.

Дарэчы, калі трэнер Сяргей Юрэвіч (яго каманда “Энергетык-БДУ”, можна сказаць, сенсацыйна заваявала ў апошнім сезоне сярэбраныя медалі чэмпіянату.Аўт.) пачаў публічна крытыкаваць дзейнасць Беларускай федэрацыі футбола, чыноўнікі з федэрацыі хуценька закрылі рот дакладчыку. Маўляў, пра гэта пагаворым не ў гэтым месцы. Цікава, а дзеля чаго тады збіраліся ў гэтым месцы?

Таксама стала вядома, што па выніках пасяджэння названы 16 пунктаў, якія ў абавязковым парадку неабходна вырашыць. Там і пра стварэнне рабочай групы па выпрацоўцы планаў падрыхтоўкі і развіцця дзяцей і маладых футбалістаў, і пра цеснае ўзаемадзеянне федэрацыі і клубаў, і пра тое, што клубы не будуць дапускацца да спаборніцтваў без правядзення паглыбленага медыцынскага абследавання кожнага спартсмена ў РНПЦ спорту… І зноў пытанні. Цікава, а чым тады Беларуская федэрацыя і яе кіраўніцтва апошнія гады займалася? Дзіцячы футбол не развівала? З клубамі не ўзаемадзейнічала? Замест футбалістаў на поле выходзілі інваліды без медыцынскай даведкі? Дык разагнаць тады трэба было на гэтым жа сходзе ўсю федэрацыю, калі нічога з гэтага не выконвалася.

Дарэчы, некаторыя з пунктаў выніковай рэзалюцыі досыць цікавыя. Напрыклад, рэкамендуецца правесці абавязковае ўзгадненне ўсіх кіраўнікоў футбольных клубаў і выдаваць акрэдытацыю “пасля вывучэння маральных і прафесійных якасцей”. Такая акрэдытацыя будзе выдавацца пасля 1 студзеня 2024 года толькі на падставе рашэння Міністэрства спорту. Акрамя гэтага, абавязковую акрэдытацыю павінны будуць прайсці “кіраўнікі прыватных футбольных школ і ўсе трэнеры, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на развіццё беларускага футбола. Без такой акрэдытацыі займацца футбольнай дзейнасцю будзе забаронена. Прасцей кажучы, будуць адсейваць “маральна ненадзейных”.

А яшчэ для стабілізацыі беларускага футбола неабходна будзе “забяспечыць ідэалагічную работу на месцах як з дзеючымі футбалістамі, так і з дзецьмі, а таксама арганізаваць патрыятычныя куткі”.

Уяўляеце, як бы абурыўся Раналду пры падпісанні шматмільённага кантракта, скажам, з мадрыдскім “Рэалам”, калі б даведаўся што ў клубе няма патрыятычнага кутка? Наўрад ці і падпісваў той кантракт. Патрыятычны куток – гэта ж галоўнае для футбаліста-прафесіянала!

Да слова, на калегіі прысутным восем ці дзевяць разоў далі паглядзець і паслухаць, як спяваюць гімны футбалісты іншых зборных. А затым паказалі, як маўчаць футбалісты зборнай Беларусі, калі перад матчам гучыць гімн краіны. Будуць перавыхоўваць.

Праўда, Сяргей Кавальчук павінен ведаць, што патрыятызм – гэта цудоўна, але ён павінен ісці ад душы, а не з-пад палкі. Акрамя таго, любоў да Радзімы і да асобных чыноўнікаў – гэта зусім розныя рэчы. Таму можна прымусіць футбалістаў спяваць гімн, наведваць патрыятычныя куткі, але як іх прымусіць гуляць?

А ўвогуле, як мне падаецца, “стабілізаваць становішча” беларускага футбола нават і не варта. Ён і так знаходзіцца ў стабільна ляжачым стане, і ніякі Кавальчук тут не дапаможа.