Барыс Хамайда

“Сустрэнемся каля Хамайды”, – больш за дваццаць гадоў гаварылі віцябчане, вызначаючы месца спаткання ў горадзе. Месца знакавае, надзейнае, беларускае, – дзе вядомы віцебскі праваабаронца стаяў у любую пару года і ў любое надвор’е, прапаноўваючы гараджанам незалежныя газеты (пакуль яны былі), нацыянальную сімволіку (пакуль яе не прызналі экстрэмісцкай), жывую гутарку на беларускай мове (яна пакуль, здаецца, не забароненая).

Бясстрашная вахта Хамайды азначала стаянне за Беларусь, як у хрысціянстве ёсць стаянне ў малітве. Далучыцца да той вахты – хоць на кароткі час – было гонарам для людзей неабыякавых, нацыянальна арыентаваных, з дэмакратычным светапоглядам, якіх у Віцебску, трэба прызнаць, было не так і шмат.

Вялізны бел-чырвона-белы парасон Хамайды быў як маяк у амаль дарэшты зрусіфікаваным горадзе, на чыім афіцыйным гербе Пагоня відавочна салідарызавалася з гаспадаром парасона. У адрозненне ад гарадскіх уладаў, якія рэгулярна адпраўлялі праваабаронцу на суткі, штрафавалі і запалохвалі. Дарэмна. Адсядзеўшы тэрмін за кратамі, Хамайда выходзіў на волю, і назаўтра ў цэнтры Віцебска расцвітаў яго бачны здалёку парасон, а на кульгавым століку з’яўляўся звыклы асартымент – керамічныя плакеткі з нацыянальнымі героямі Беларусі, беларускія значкі і сцяжкі, свежыя нумары “Народнай Волі”…

Месца сустрэч каля Хамайды не змог “адмяніць” нават вялікі князь Альгерд, конны помнік якому паўстаў непадалёк, у гістарычным цэнтры. Каля Альгерда сустракаліся пераважна заезджыя турысты, свае – па-ранейшаму каля Хамайды. Хоць ён пасля чарговых сутак таксама мог бы з’ехаць – наўслед за турыстамі. Але не з’ехаў і стаў сімвалам беларускай нязломнасці, беларускага стаяння за праўду.

Таму ў сённяшняй Беларусі нязвыклае для беларускага вуха прозвішча Хамайда гучыць як пароль, вяшчуючы – цемрашальскі час схлыне, як мутная вада ў Дзвіне. І мы яшчэ сустрэнемся – нікуды не дзенемся! – каля Хамайды.

З юбілеем Вас, шаноўны Барыс Ханонавіч!

Антон ЗАГОРСКІ.