
У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадалі, якія вясновыя кветкі беларусам зрываць не варта і за якія пагражае штраф аж да 1100 рублёў.
Гаворка ідзе аб першацветах. Як патлумачылі ў міністэрстве, “для многіх іх відаў штогадовы збор з пашкоджаннем каранёвай сістэмы стаў прычынай рэзкага скарачэння арэала распаўсюду”. І хоць адміністрацыйная адказнасць пагражае за зрыў толькі пэўных першацветаў, у Мінпрыроды заклікалі не зрываць ніякія.
“Рэдкія і раннія вясновыя кветкі лепш не чапаць: яны ў разы больш прыгожыя ў сваім натуральным асяроддзі, чым у вазе ў вас дома”, – адзначылі ў ведамстве.
Штраф пагражае за тыя першцветы, якія ўнесены ў Чырвоную кнігу. Згодна з артыкулам 16.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэння, ён можа скласці ад 20 да 30 базавых велічынь (цяпер ад 740 да 1110 рублёў) з канфіскацыяй прылад і сродкаў здзяйснення названага парушэння або без канфіскацыі.
Пры гэтым індывідуальнаму прадпрымальніку пагражае ад дваццаці да ста пяцідзесяці базавых (ад 740 да 5550 руб.), а юрыдычнай асобе – ад трыццаці пяці да пяцісот базавых (ад 1296 да 18.500 руб.).
Нагадаем, што ў Чырвоную кнігу ўнесены і лук мядзведжы (так званая чарамша), і медуніца, а вось пралескі не знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай.
Ніна ЖВІРКО.