
Нагадаем, што напрыканцы мінулага года ў Мінскім гарадскім судзе былі вынесены прысуды па крымінальнай справе, заведзенай на прафсаюзных актывістаў Аляксандра Ярашука, Сяргея Антусевіча і бухгалтарку Ірыну Бут-Гусаім.
Іх абвінавацілі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама — у закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361).
Усе абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай з 19 красавіка 2022 года.
У выніку Аляксандр Ярашук асуджаны на 4 гады калоніі, Сяргей Антусевіч — на 2 гады, Ірына Бут-Гусаім — на 1,5 года калоніі.
У студзені гэтага году таксама вынеслі прысуды яшчэ некалькім прафсаюзным дзеячам: Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснёў атрымалі па 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вацлаў Арэшка — 8 гадоў.
“Як вядома, спробы аспрэчыць прысуды праз Вярхоўны суд выніку не прынеслі, — распавядаюць “Народнай Волі” калегі прафсаюзных актывістаў. – Такім чынам, змягчыць рашэнні папярэдніх судовых інстанцый нікому не ўдалося. Да разгляду апеляцый фігуранты “прафсаюзнай справы” знаходзіліся ў розных СІЗА, а зараз іх накіравалі ў калоніі.
Генадзь Фядыніч, напрыклад, знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі, Аляксандр Ярашук і Вацлаў Арэшка – у Шклоўскай ПК 17, Сяргей Антусевіч – у Магілёўскай папраўчай установе. Пры гэтым Генадзя Фядыніча перавялі ў Бабруйск адносна не так даўно, да гэтага ён знаходзіўся ў СІЗА Магілёва”.
Блізкія таго ж Фядыніча ці Ярашука апошнім часам катэгарычна адмаўляюцца даваць якую-небудзь інфармацыю ў СМІ пра зняволеных.
“Справа ў тым, што многія фігуранты гэтай справы – ужо немаладыя людзі, — тлумачаць сябры прафсаюзных дзеячаў. — Так, Генадзю Фядынічу 31 ліпеня будзе 66 гадоў, Вацлаву Арэшку зараз 68, Васілю Берасневу — 73, Аляксандру Ярашуку восенню споўніцца 72 гады.
Пры гэтым у многіх з іх шэраг сур’ёзных захворванняў. У Фядыніча – цукровы дыябет і з-за стрэсу ўзровень цукру ў крыві амаль не збіваўся інсулінам, у Васіля Бераснёва – адна нырка (другую яму выдалілі ў 2018 годзе), Аляксандр Ярашук таксама пастаянна прымае лекі.
Таму блізкія некаторых зняволеных лічаць, што, калі вакол іх родных пачнецца грамадскі рэзананс, то гэта можа адбіцца на ўмовах знаходжання ў калоніях. Гэта іх пазіцыя, і асуджаць за гэта, напэўна, не варта”.
Па словах суразмоўцаў, калегам лісты ад прафаюзных актывістаў практычна не прыходзяць. А вось з роднымі сувязь падтрымліваецца.
“Усе трымаюцца, наколькі гэта магчыма ў такіх умовах, — кажуць яны. – Складаней Сяргею Антусевічу і Вацлавву Арэшку, бо, па нашай інфармацыі, яны ўжо не раз прайшлі праз ШІЗА”.