
Больш за сем месяцаў знаходзіцца за кратамі дырэктар выдання “Беларусы і рынак”.
Нагадаем, што 18 мая 2022 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара эканамічнай газеты “Беларусы і рынак” Канстанціна Залатых, а таксама галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтара Юлію Кахно.
Пасля допыта Александровіча і Кахно адпусцілі, а Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў жодзінскім следчым ізалятары. У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома дагэтуль. Аднак, мяркуючы па змесце пратакола, папярэдняя прычына нібыта ў «распальванні варожасці» (арт. 130 КК).
Санкцыя артыкула прадугледжвае шырокі спектр пакарання — ад штрафа да абмежавання волі (так званая «хімія») ці рэальнага зняволення.
“Па справе амаль нічога новага, — распавяла Наталля, жонка Канстанціна Залатых. — Афіцыйнага абвiнавачвання так і няма. Магчыма, у студзені ці ў лютым гэтага года будзе суд. Але гэта яшчэ невядома, пакуль чакаем.
Па нашай інфармацыі, трымаецца муж добра. Прынамсі не схуднеў, пачуцця гумару не страціў. Спадзяюся, у бліжэйшы час хаця б стане вядома, чаго яны ад Канстанціна хочуць, і калі пачнецца працэс”.
Па словах Наталлі Залатых, лісты ад мужа прыходзяць, як і раней, — толькі блізкім.
Дарэчы, ужо ў няволі Канстанцін Залатых стаў адным з герояў кнігі свайго даўняга сябра, журналіста Зміцера Бартосіка. У кнізе сярод непрыдуманых гісторый ёсць і біяграфічны эпізод з удзелам цяперашняга палітзняволенага Канстанціна Залатых.
Віктар ШПАК.
Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.