
Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН (DESA) выпусціў даклад «Сусветная эканамічная сітуацыя і перспектывы 2023 года», дзе спецыялісты ў тым ліку спрабуюць спрагназаваць тое, як будуць ісці справы ў гаспадарчым жыцці Беларусі ў бліжэйшыя два гады.
У цэлым ААН чакае менш прыкметны спад, чым летась, а ўжо ў 2024 годзе ВУП нашай краіны зноў павінен вярнуцца да росту, паведамляе myfin.by.
У адпаведнасці з базавым прагнозным сцэнарыем экспертаў, беларускі ВУП у гэтым годзе павінен скараціцца на 1,2 працэнта, а ўжо ў 2024 можа здарыцца прырост на 1,5 працэнта. Варта адзначыць, што частковая ацэнка аналітыкаў DESA паказвае на тое, што беларуская эканоміка ў 2022 годзе скарацілася на 4,8 працэнта, а афіцыйная статыстыка кажа пра падзенне на 4,7 працэнта.
Варта згадаць, што, паводле нядаўняга прагнозу Сусветнага банка, беларускі ВУП упадзе ў 2023 годзе на 2,3 працэнта, а ў 2024 яго рост можа дасягнуць 2,5 працэнта.
Эксперты ААН чакаюць, што інфляцыя ў Беларусі ў 2023 годзе будзе на ўзроўні 9,2 працэнта, а ў 2024 годзе замарудзіцца да 7 працэнтаў.
Сярод прычын скарачэння беларускай эканомікі ў 2022 годзе ў дакладзе пазначаны праблемы з экспартам (у тым ліку такі важны артыкул, як угнаенні), выкліканыя сітуацыяй ва Украіне, санкцыямі і змяненнем маршрутаў паставак праз Еўропу. Аналітыкі таксама ўказваюць на адток працоўнай сілы з нашай краіны, уключаючы IT-сектар, і на кепскі патэнцыял атрымання фінансавых рэсурсаў: праз немагчымасць ажыццяўляць купонныя выплаты па сваім абавязацельстве ў доларах ЗША ў сувязі з пазіцыяй аплатнага агента Беларусь знаходзіцца ў стане выбарачнага дэфолту, а магчымасці запазычанняў абмежаваны толькі расійскім кірункам.
Ігар СТАСЕВІЧ.
Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.