Шосты раз за два гады: міліцыя зноў наведала журналіста Анатоля Гатоўчыца

Фота з сацсетак

Увечары 23 мая, блізу 21 гадзіны, у кватэру да журналіса Анатоля Гатоўчыца, дарэчы, аднаго са старэйшых на Гомельшчыне, прыйшлі двое міліцыянераў. Пра гэта нашаму калегу паведамілі суседзі, якія адчынялі пад’езд.

Прыходзілі, як стала вядома, супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы Цэнтральнага РАУС Гомеля Васіль Коўб і Аляксандр Шасцітка. Спраўляліся, ці падпісаны гаспадар кватэры на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. А якія, не называлі.

Пры гэтым паказалі прадпісанне начальніка аддзела РАУС Валерыя Зданевіча, дзе міліцыянерам загадвалася высвятляць, а ці не здаецца кватэра ў наём.

Тлумачэнні Гатоўчыца, што крыху больш месяца таму ў яго быў татальны ператрус з праверкай тэлефона, пад увагу не браліся. Паказалі вялікі спіс адрасоў і прозвішчаў, што дадаваўся да прадпісання. Паводле гэтага спісу міліцыянеры і рабілі ўвечары аб’езд на службовым транспарце.

Тэлефон міліцыянерам журналіст паказаў, бо ні на якія «такія каналы» не падпісаны.
Пры гэтым папытаўся, чаму не папярэдзілі, што візіт запісваецца на відэарэгістратар, прымацаваны ў аднаго з візіцёраў да форменнай вопраткі. «Гэта мы запісваем, каб сябе абезапасіць», – адказалі яму міліцыянеры.

Пачынаючы з 2020 года, гэта ўжо шосты візіт міліцыі ў кватэру да Анатоля
Гатоўчыца, чатыры з іх былі вобшукам і выняткай тэлефонаў, кампутараў,
фотаапаратаў, дыктафонаў.

Анатоль – прафесійны журналіст, скончыў БДУ і Мінскую вышэйшую партыйную школу ў групе журналістаў і выдаўцоў. У прафесіі – паўстагоддзя. Удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986-1987 гадах. Працяглы час працаваў у газетах «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Наша Свабода», «Народная Воля», а таксама ў незалежных агульнанацыянальных медыях, якія апошнім часам аднесены да экстрэмісцкіх. Анатоль Гатоўчыц афіцыйна прызнаны ветэранам працы з адпаведнай пазнакай у пенсійным пасведчанні. Ён больш за 20 гадоў узначальваў гомельскую арганізацыю Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), якую ў жніўні 2021 года ліквідавалі, а ў сакавіку 2023-га прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».