Шлях пакут

Па ўсёй Беларусі апошнім часам праходзяць мерапрыемствы ў гонар стагоддзя з дня ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных рэспублік. Пахвалы СССР і настальгія па зніклай імперыі зашкальваюць. Пры гэтым расказваць усю праўду пра савецкія часы, у тым ліку пра масавыя рэпрэсіі, несправядлівыя суды, скорыя расстрэлы, ганенні на царкву, раскулачванне, у Беларусі стала небяспечным. Але ад праўды нікуды не падзенешся, як ні старайся.

Так, ці не кожны з тых, хто ўхваляе СССР, ходзіць у царкву. Але запытайцеся ў іх, каго і за што Беларуская царква прызнала навамучанікамі, праз які шлях пакут прайшлі гэтыя людзі ў “цудоўным і справядлівым” Савецкім Саюзе?..    

… У Копылі адбыліся ўрачыстасці ў гонар 85-й гадавіны з дня смерці свяшчэннапакутніка Уладзіміра Пастарнацкага, прасвітара Капыльскага. “Народная Воля” пацікавілася яго біяграфіяй.

Протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі нарадзіўся 2 ліпеня 1885 года ў невялікім мястэчку Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губерніі і паходзіў з сям’і дваран, якія перайшлі ў духоўнае саслоўе.

Шлях пакут
Отец и сын: протоиерей Илларион и священник Владимир Пастернацкие. 1908 год.

Яго бацька — протаіерэй Іларыён Пастарнацкі — служыў настаяцелем Дудзіцкай Свята-Пакроўскай царквы. З ранніх дзіцячых гадоў Уладзімір наведваў гэты храм, прыслужваў у алтары, спяваў у царкоўным хоры, з трапятаннем ў душы ставіўся да ўсяго, што было звязана з вызнаннем веры. Паступова пад уплывам бацькі ў ім саспела цвёрдае жаданне прысвяціць сваё жыццё менавіта справе пастырскага служэння.

Дасягнуўшы паўналецця, Уладзімір Пастарнацкі паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Там, вывучаючы багаслоўскія навукі, ён і правёў лепшыя гады свайго юнацтва. Там жа, у Мінску, сустрэў сваю суджаную — Наталлю Сасіноўскую, якая навучалася ў жаночым духоўным вучылішчы.

Пасля заканчэння вучобы яны абвянчаліся. А ў 1908 годзе Уладзімір Пастарнацкі быў пасвечаны ў іерэя і накіраваны на прыход у вёску Пясочнае Слуцкага павета, дзе стаў настаяцелем царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Да яго ў Пясочным служыў бацька Наталлі Сасіноўскай — святар Феафан Сасіноўскі. На заходзе свайго жыцця ён моцна занямог і апошнія сем гадоў праляжаў нерухома. Памёр незадоўга да рэвалюцыі. Яго месца ў Пясочным і заняў айцец Уладзімір і служыў тут аж да 1932 года.

У Пясочным ў бацюшкі Уладзіміра і матушкі Наталлі нарадзіліся восем дзяцей. Старэйшыя Піліп, Марыя, Андрэй і Вольга нарадзіліся яшчэ да рэвалюцыі; малодшыя Алена, Дзмітрый, Віктар і Анастасія з’явіліся на свет Божы ў цяжкія паслярэвалюцыйныя гады.

У 20-я гады айцец Уладзімір Пастарнацкі стаў благачынным цэркваў яшчэ і Капыльскага раёна. Клопату дадалося ўдвая.

“З пачаткам кампаніі па рабаўніцтве сялянства і стварэнні калгасаў жыццё святара ва Усходняй Беларусі стала асабліва цяжкім. Улады рабілі ўсё, каб за кошт празмернага падаткаабкладання падарваць і без таго бядотнае становішча прыходаў. Вайна супраць сялян ператварылася ў вайну супраць праваслаўнай царквы”, — сказана ў афіцыйнай біяграфіі святара.

Пасля 1928 года старэйшыя дзеці бацюшкі Уладзіміра і Наталлі Феафанаўны жылі ўжо асобна ад бацькоў. Ведаючы аб тым, у якой сітуацыі яны апынуліся, дзеці хто чым мог імкнуліся дапамагаць бацькам выплачваць падаткі. Калі ж у 1931 годзе Пастарнацкія не здолелі выплаціць устаноўленую суму, у адплату за гэта ў іх забралі карову — карміцельку трох малалетніх дзяцей.

1932 год становіцца пераломным у лёсе айца Уладзіміра: неўзабаве пасля смерці малалетняга сына Дзмітрыя святар з сям’ёй пераязджае ў Капыль і становіцца настаяцелем Свята-Узнясенскай царквы, благачынным цэркваў Капыльскага раёна. Царкву ж у Пясочным улады зачынілі ў сакавіку 1933 года і неўзабаве разбурылі.

У Капылі айцу Уладзіміру і яго сям’і давялося выпіць чару крыжовых пакут, як кажуць, «да дна».

З вясны 1933 года протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі застаўся адзіным праваслаўным святаром на ўвесь Капыльскі раён, усе астатнія бацюшкі былі ўжо арыштаваныя, а некаторыя і расстраляныя… Айца Уладзіміра не раз выклікалі ў мясцовае НКУС, пагражалі расправай, няпрошана з’яўляліся дадому з ператрусамі. Ад яго хацелі дамагчыся публічнага адрачэння ад святарскага сану. Наўзамен прапаноўвалі працу бухгалтара, што добра аплачвалася па тых часах.

«Адрачэшся ці знікнеш без следу», — у вочы казалі айцу Уладзіміру ў НКУС…

Ціск аказваўся і на дзяцей святара. Так, яго старэйшы сын Піліп быў звольнены з працы і не мог працаўладкавацца. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, айцец Уладзімір ад сану не адрокся!

Па ўспамінах самай малодшай дачкі протаіерэя Уладзіміра Пастарнацкага – Анастасіі — ён прыняў гэта рашэнне ў поўнай адзінадушнасці са сваёй жонкай.

Сустрэўшы ўпартасць з яго боку, улады, па ўспамінах Анастасіі, “вырашылі выматаць яго маральна і фізічна». Маральна: пазбавілі грамадзянскіх правоў, абклалі непасільнымі падаткамі, выключылі дзяцей з дзевяцігодкі, абязлюдзілі царкву. Фізічна: пакінулі аднаго на цэлы раён. Па выкліках на трэбы Пастарнацкія зразумелі, што яны засталіся адны на велізарную тэрыторыю! Таму апошнюю зіму да свайго арышту бацюшка Уладзімір не вылазіў з паўкажушка і санак; увесь час раз’язджаючы па раёне, хрысціў нованароджаных і адпяваў памерлых.

Ён падоўгу не бываў дома. У такіх умовах схавацца, “згубіцца” для яго не складала ніякай цяжкасці. Тым больш што мяжа была побач. Аднак на сямейным савеце Пастарнацкія вырашылі ад сану не адракацца. «Бог паслаў нам гэтае выпрабаванне, — казалі яны дзецям, — і мы павінны яго пакорліва несці”.

Упершыню айца Уладзіміра арыштавалі ў сакавіку 1936 года. За некалькі дзён да арышту ён пахаваў сваю маму. Напярэдадні ўзяцця пад варту адслужыў апошнюю ў сваім жыцці літургію. Фармальна яму прад’явілі абвінавачванне ў тым, што вёў рэгістрацыю ахрышчаных і адпетых людзей. У тыя часы гэта лічылася злачынствам (!), і 24 сакавіка 1936 года па прыгаворы так званага народнага суда Капыльскага раёна яго пазбавілі волі на два гады, адправіўшы ў папраўча-працоўную калонію.

На ўтрыманні матушкі Наталлі, якая не атрымлівала ад дзяржавы ні капейкі грошай, засталося трое непаўналетніх дзяцей. Шмат у чым яны выжылі, дзякуючы дапамозе, аказанай вернікамі капыльскай царквы. Як успамінала Анастасія Пастарнацкая: «Нам проста людзі не далі памерці. Пастукаюць, бульбу пад дзверы паставяць, а самі ціхенька сыдуць».

Айцец Уладзімір нядоўга знаходзіўся ў зняволенні. У снежні 1937 года яго нечакана вызвалілі, ён прыехаў у Рослаўль, але літаральна праз некалькі дзён зноў быў арыштаваны. Такім чынам святара хацелі зламаць маральна, усё ж дабіцца адрачэння ад сану. Аднак нічога не атрымалася і гэтым разам. У выніку Уладзіміру Пастарнацкаму прад’явілі шэраг недарэчных абвінавачванняў, якія зводзіліся да таго, што ён быццам бы з’яўляўся “агентам нямецкай контрразведкі і праводзіў сярод насельніцтва контррэвалюцыйную агітацыю пра вайну і гібель савецкай улады, пра голад і прыгнёт рэлігіі з боку савецкай улады”.

На чым грунтаваліся абвінавачванні?

Быў дапытаны гаспадар кватэры, дзе жыла сям’я святара. На пытанне следчага, што яму вядома пра контррэвалюцыйную дзейнасць святара, ён адказаў: “Пастарнацкі сярод нас праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю, якая выяўлялася ў тым, што ён казаў, што сядзеў у турме зусім дарэмна, што савецкая ўлада прыціскае ўсіх грамадзян, якія захоўваюць рэлігійныя абрады, а асабліва папоў усіх саджае ў турмы”.

23 снежня 1937 года следчы дапытаў і айца Уладзіміра. Біёграфы новапакутніка прыводзяць фрагмент і гэтага “дыялогу”:

Пытанне: Нас асабліва цікавіць, чым вы займаліся падчас грамадзянскай вайны?

Адказ: У 1920 годзе ў нашым мястэчку знаходзіліся белапалякі. 12 чэрвеня 1920 года падчас адступлення белапалякаў чырвоныя партызаны стралялі па аўтамабілі польскага чыноўніка. У выніку наша мястэчка было ачэплена польскімі войскамі, і белапалякі ўзялі чалавек сорак сялян заложнікамі, разам з гэтымі сялянамі быў узяты і я. Калі я знаходзіўся ў белапалякаў, то ў нас выпытвалі, хто страляў па аўтамабілі. Пасля нас вызвалілі.

Пытанне: Следствам устаноўлена, што вы з’яўляецеся агентам нямецкай разведкі, гэта значыць, мелі цесную сувязь з нямецкай камендатурай. Дайце праўдзівыя паказанні.

Адказ: У 1918 годзе ў мястэчку Пясочнае знаходзіліся нямецкія войскі і ў маім доме на працягу дзевяці месяцаў знаходзілася нямецкая камендатура. Агентам нямецкай разведкі я не з’яўляўся і не з’яўляюся.

Пытанне: Па паказаннях сведак, вы выкрываецеся ў тым, што, будучы варожа настроеным ў адносінах да савецкай улады, сярод насельніцтва праводзілі контррэвалюцыйную агітацыю. Ці прызнаяце сябе вінаватым?

Адказ: Вінаватым сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні не прызнаю.

Пытанне: Следствам устаноўлена, што вы 13 снежня 1937 года, знаходзячыся ў кватэры, дзе прысутнічалі гаспадары дадзенага дома і кватаранты, сярод іх праводзілі контррэвалюцыйную агітацыю і гаварылі, што савецкая ўлада ўсіх прыціскае і не дае выконваць рэлігійныя абрады; казалі, што савецкая ўлада праіснуе нядоўга, значыць, відавочна прадказвалі гібель савецкай улады. Прызнаяце вы сябе ў гэтым вінаватым?

Адказ: Вінаватым сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні не прызнаю”.

Усе абвінавачванні айцец Уладзімір катэгарычна адхіліў, вінаватым сябе не прызнаў. Знаходзячыся ў турме, шмат і старанна маліўся, успамінаючы пражытае жыццё і рыхтуючыся годна сустрэць будучыя выпрабаванні.

Шлях пакут
Святар Уладзімір Пастарнацкі.

Доўгія гады родныя айца Уладзіміра не мелі ніякага ўяўлення аб тым, як склаўся яго лёс. Пасля вайны Наталля Феафанаўна стала звяртацца ў розныя інстанцыі, каб даведацца, што здарылася з мужам. Нарэшце, у 1956 годзе ёй выдалі пасведчанне аб яго смерці. У дакуменце было сказана, што ён памёр 5 лістапада 1942 года ад паралічу сэрца.

“Але гэта была нахабная хлусня. У імкненні прыменшыць маштаб учыненых у 30-я гады злачынстваў у пасляваенныя гады ўлады пайшлі на масавую падробку, у велізарнай колькасці фальсіфікуючы падобныя «дакументы»”, — сцвярджаюць беларускія святары, якія вывучалі лёс Уладзіміра Пастарнацкага, перш чым БПЦ прызнала яго свяшчэннапакутнікам.

Пасля вайны Наталля Феафанаўна стала хадайнічаць аб рэабілітацыі мужа. У адным з лістоў, які ў 1958 годзе быў накіраваны ў Пракуратуру СССР, яна пісала: «Прашу рэабілітаваць майго мужа… Я катэгарычна не згодная з тым становішчам, у якім загінуў мой муж. Ён быў не злодзей, не хуліган, не забойца і не вораг народа, а руплівы прапаведнік Евангельскай Ісціны, што благавествавала мір і любоў паміж людзьмі”.

Дзеці айца Уладзіміра, якога назвалі “ворагам народа”, сталі абаронцамі Радзімы: сын Андрэй загінуў на фінскай, а Піліп у гады Вялікай Айчыннай вайны – на польскай зямлі. Матушка Наталля Феафанаўна апынулася тады ў акупаваным Рослаўлі. Пасля арышту айца Уладзіміра яна пераехала туды з малодшымі дзецьмі да дачкі Вольгі. Сын Віктар, скончыўшы духоўную семінарыю, прыслужваў у Рослаўльскім храме, але святаром не стаў, даглядаў маці да канца яе жыцця. Яны і пахаваныя побач, у Рослаўлі.

5 студзеня 1938 года тройка НКУС асудзіла айца Уладзіміра да расстрэлу. Протаіерэй Уладзімір Пастарнацкі быў расстраляны 21 студзеня 1938 года ў Рослаўлі (Смаленская вобл.) і пахаваны ў агульнай невядомай магіле.

Матушка Наталля так і не даведалася пра тое, што яе муж быў расстраляны. Гэтая страшная праўда адкрылася толькі дачцэ айца Уладзіміра Анастасіі Старасцінай (Пастэрнацкай) праз многія гады…

Святар Уладзімір Пастарнацкі быў далучаны да ліку мясцовашануемых святых Беларусі ў 1999 годзе, а ў 2000-м праслаўлены Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы.

Шлях пакут

Дні памяці: 28 кастрычніка (у Саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў Беларускіх) і 21 студзеня.

АД РЭДАКЦЫІ

Звяртаем увагу, што ўсё гэта рабілася па законе і па прыгаворы суда. Як і зараз, дарэчы… Няўжо гісторыя нас нічому не навучыла?!

Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.