Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў абвясціў аб правядзенні датэрміновых выбараў кіраўніка дзяржавы. Аб падпісанні адпаведнага ўказа ён заявіў 8 мая на сустрэчы з кіраўнікамі палат парламента, партый, органаў судовай і выканаўчай улады, прысвечанай недаўняму рэферэндуму па змене Канстытуцыі.

«Чаму я па ўласнай ініцыятыве адмаўляюся ад трох з паловай гадоў прэзідэнцкага тэрміну? Вы бачыце, згодна з нашым асноўным законам, у першую чаргу рэфармуюцца ўсе галіны ўлады, сур’ёзна мяняюцца адносіны і баланс паміж імі.

Па-другое, наша абноўленая Канстытуцыя ставіць перад прэзідэнтам, парламентам, урадам, міністрамі і хакімамі (кіраўнікамі адміністрацый) новыя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя задачы, рашэнне якіх нельга адкладаць.

Па-трэцяе, наш народ чакае ад нас важных і неадкладных пераменаў і рэформаў ва ўсіх сферах.

Чацвёртае, у сітуацыі, якая склалася, калі ў свеце і ў нашым рэгіёне адбываюцца вострыя і складаныя працэсы, найбольш актуальным пытаннем становіцца пошук правільнага і эфектыўнага шляху развіцця і яго рэалізацыя», — растлумачыў Шаўкат Мірзіёеў.

Апошнія па часе прэзідэнцкія выбары ва Узбекістане прайшлі 24 кастрычніка 2021 года. Кандыдатамі былі вылучэнцы ад усіх пяці зарэгістраваных у краіне палітычных партый. Па дадзеных ЦВК, у галасаванні ўдзельнічала 80,4% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, а Шаўкат Мірзіёеў набраў 80,12% галасоў. Згодна новай Канстытуцыі, прэзідэнцкі тэрмін ва Узбекістане павялічаны з пяці да сямі гадоў.