
Наймагутнейшы землятрус у Турцыі і Сірыі: чаму ніхто не чакаў?
Серыю турэцкіх землятрусаў згенеравала ўсходняя галіна Анаталійскага разлому. Пра гэта распавёў у інтэрв’ю «Известиям» загадчык лабараторыі сейсмічнай небяспекі Інстытута фізікі зямлі РАН Аляксей Заўялаў.
«Гэтую серыю турэцкіх землятрусаў згенеравала ўсходняя галіна Анаталійскага разлому. На поўнач ён дацягваецца да Грэцыі, а на ўсход – да Гімалаяў. На Паўночна-Анаталійскім разломе ў XX стагоддзі адбылося некалькі моцных, сацыяльна значных землятрусаў. Апошні з іх – Ізміцкі –быў у 1999 годзе. Тады колькасць ахвяр перавысіла 17 тысяч чалавек. А вось на Усходне-Анаталійскім разломе за 100 з лішнім гадоў не было моцных землятрусаў. Хаця ўмераныя былі, бо гэта актыўны разлом, ён жыве», – распавёў сейсмолаг.
Тэрыторыі Турцыі і Сірыі, дзе 6 лютага адбыўся магутны землятрус, не лічыліся зонамі высокай небяспекі – моцнай сейсмічнай актыўнасці там не назіралася больш за 100 гадоў, адзначыў ён.
Прычынамі маштабных разбурэнняў будынкаў спецыяліст лічыць менавіта недаацэнку ўзроўню рызык для гэтай мясцовасці, а таксама адсутнасць рэгулярных праверак захаванасці будынкаў з боку мясцовых улад.
Навуковец таксама распавёў, ці можна было спрагназаваць цяперашнюю трагедыю і як будуць развівацца падзеі ў эпіцэнтры землятрусу ў бліжэйшыя дні і тыдні.
«Гэта першая вядомая магутная сейсмічная падзея менавіта на гэтай тэрыторыі, таму яна стала нечаканай. Сейсмічную небяспеку відавочна недаацанілі, у выніку праектавалі і будавалі дамы пад больш нізкі ўзровень сейсмічнага ўздзеяння, што і стала прычынай досыць маштабных разбурэнняў. Будынкі не вытрымалі штуршкоў такой магутнасці», – дадаў Заўялаў.
Два моцныя землятрусы, сілай 7,7 бала, адбыліся ў Турцыі 6 лютага. Менш моцныя страсенні зямлі адбыліся ў наступныя дні, у тым ліку ў цэнтральнай частцы Турцыі. Паводле ацэнак турэцкіх сейсмолагаў, адным з найбольш пацярпелых гарадоў стаў Газіянтэпе.
У Сірыі прыродны катаклізм закрануў правінцыі Алепа, Латакія, Тартус і Хама.
Таксама землятрус адчувалі ў Ліване, Іраку, Ізраілі, Грузіі, Абхазіі, Казахстане і гд.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган абвясціў па ўсёй краіне агульнанацыянальную жалобу да 12 лютага ўключна. Усе культурныя і спартыўныя мерапрыемствы адменены.
Пасля разбуральнага землетрасення сваю дапамогу Турцыі прапанавалі дзясяткі краін. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Як перадае Anadolu, таксама прапанавалі дапамогу НАТА і Еўрасаюз.
«На жаль, лічбы загінуўшых і пацярпелых растуць з кожным днём», – сказаў Эрдаган у звароце да нацыі.
Па словах прэзідэнта Турцыі, цяперашняе землетрасенне стала найбуйнейшым стыхійным бедствам ў краіне з 1939 года. Тады ў Эрзінджане загінула 32.968 чалавек, яшчэ каля 100.000 былі параненыя.
Міністр навакольнага асяроддзя Турцыі Мурат Курум паведаміў, што стыхійнае бедства закранула 13,5 мільёна чалавек.
На дапамогу турэцкім ратавальнікам накіраваны атрад “Зубр” беларускага Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аляксандр Лукашэнка таксама загадаў аказаць гуманітарную дапамогу Сірыі.
РЭЗАНАНС
Ці выстаіць Стамбул?
Турэцкі інжынер-геафізік Агюн Ахмет Эркан напісаў у сваім акаўнце: «Землятрус у разломным хрыбце Хатай-Асманія-Кахраманмараш-Газіянтэп меў магутнасць прыкладна 130 атамных бомбаў, доўжыўся 43 секунды. Тым больш усё страшна – што адбылося ў халодны зімовы дзень. Месца, дзе адбыўся землятрус, з’яўляецца стыкам чатырох асноўных разломаў – разлом Мёртвага мора, разлом Усходняй Анатоліі, Аравійскі шчыт і Кіпрскі лук…»
Грэчаскія інжынеры-будаўнікі пракаментавалі ў сацыяльных сетках фатаграфіі разбураных гарадоў: «Звярніце ўвагу – цэлымі засталіся толькі дамы, пабудаваныя з антысейсмічным шкілетам – так, як будуюць у Грэцыі. Такія дамы бачныя збоку па характэрнай рашотцы…»
На жаль, у Турцыі, у адрозненне ад суседняй Грэцыі і іншых цывілізаваных краін, размешчаных у сейсманебяспечнай зоне (Японіі, да прыкладу), пра такія рэчы ніхто не паклапаціўся.
Больш таго, многія ўжо гадаюць, ці выстаіць найбуйнейшы горад краіны Стамбул, у якім пражываюць не менш за 15 мільёнаў чалавек. Усім памятны землятрус у жніўні 1999 года, калі штуршкі блізу Стамбула забралі жыцці амаль 19 тысяч чалавек!
Паводле ацэнак спецыялістаў, Стамбул – самы ўразлівы для землятрусаў мегаполіс, і наступствы штуршкоў будуць страшнымі. Пры гэтым у Стамбуле працягваюць вышыннае будаўніцтва, а акрамя таго рыхтуюцца будаваць суднаходны канал «Басфор-2». Але спецыялісты папярэджваюць, што для гэтага праекта трэба будзе перамясціць мільёны тон грунту, што, несумненна, адаб’ецца на сейсмічнай актыўнасці ў Мармуровым моры.
Дарэчы, на самай справе самы страшны ў новай гісторыі Турцыі землятрус прадказвалі загадзя: аўстралійскі астраном Фрэнк Хугербітс за два дні да штуршкоў прагназаваў катастрофу на мяжы Турцыі і Сірыі, узяўшы за аснову сваіх разлікаў геаметрыю Зямлі. Цяпер яго методыкай цікавяцца адмыслоўцы ва ўсім свеце.
Ганна ГАРДЫНЕЦ.