«Сцяна дажджу і ветру» з Польшчы ідзе на Беларусь

На Беларусь насоўваецца вельмі своеасаблівы халодны фронт. Яго падзяляюць напалам дзве паветраныя масы: у заходняй частцы фронту запасіцца прахалодная паветраная маса, з дзённымі тэмпературамі +12..+16 °С, а на ўсходзе — цёплая і сухая, з максімумамі +25..+27°С.

Метэаралагічныя карты і спадарожнікавыя здымкі, якія дэманструюць прасоўванне халоднага фронту да заходніх межаў Беларусі, апублікаваў тэлеграм-канал «Надвор’е».

У польскіх СМІ гэты атмасферны фронт ужо ахрысцілі «сцяной дажджу і ветру» — у Польшчу ён прынёс не толькі моцныя навальніцы, парывісты вецер, але і начныя замаразкі.

Беларусаў, мяркуючы па прагнозах сіноптыкаў, таксама ўсё гэта чакае ў бліжэйшыя дні. Фронт прасоўваецца на ўсход досыць павольна. Да раніцы 18 мая халоднае паветра меркавана дойдзе да Мінска.

На 18 мая ў Беларусі абвешчана штармавое папярэджанне з-за высокай верагоднасці навальніц і моцных дажджоў.

Паводле прагнозу Белгідрамета, у чацвер, 18 мая, дажджы з навальніцамі чакаюцца на большай частцы тэрыторыі краіны. Ноччу будзе ад +6 ° C у заходніх раёнах да + 16°C на паўднёвым усходзе, а днём паветра прагрэецца, адпаведна, да +10°C і +27 ° C.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, актыўнасць атмасфернага фронту пачне сціхаць толькі ў пятніцу, 19 мая. Будзе воблачна з праясненнямі, аднак верагоднасць ападкаў застанецца высокай, асабліва, у заходніх і паўднёвых раёнах Беларусі.

Дажджы спыняцца толькі на выхадных, папярэдзілі сіноптыкі, паколькі ў суботу, 20 мая, Беларусь апынецца ўжо на перыферыі скандынаўскага антыцыклону. Уначы тэмпература паветра можа апускацца ў асобных раёнах на паўночным усходзе краіны +4°С (на поўдні-да +12°С), а днём паветра прагрэецца +20..+26°С.