
Больш за мільярд людзей у 43 краінах могуць захварэць халерай.
Пра гэта заявіў кіраўнік групы па халеры і эпідэмічных дыярэйных захворваннях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Філіп Барбоза. Колькасць дзяржаў, якія апошнім часам паведамілі пра новыя ўспышкі гэтага захворвання, павялічылася на 22.
На самай справе ўсплёск захворвання халерай у рамках бягучай сёмай пандэміі гэтай інфекцыі пачаўся ў сярэдзіне 2021 года, і СААЗ бачыць рызыку павелічэння колькасці такіх пацыентаў у бліжэйшыя месяцы. Акрамя таго, як падкрэсліў Філіп Барбоза, “паказчыкі смяротнасці з-за хваробы з’яўляюцца самымі высокімі за апошнія дзесяць гадоў”.
У 2021 годзе 23 краіны, у асноўным з рэгіёнаў Афрыкі і Усходняга Міжземнамор’я, паведамлялі пра ўспышкі халеры. Гэтая тэндэнцыя захавалася ў 2022 годзе, калі хвароба была зафіксавана ў 30 краінах. Сітуацыя з захворваннем халерай у свеце яшчэ больш пагоршылася з сярэдзіны снежня 2022 года, калі выпадкі захворвання былі зарэгістраваныя ўжо ва ўсіх рэгіёнах свету.
Нагадаем, што халера – гэта вострая дыярэйная інфекцыя, цяжкія формы хваробы характарызуюцца моцнай вадзяністай дыярэяй і патэнцыйна смяротным абязводжваннем. Захворванне выклікаецца ужываннем ежы або вады, заражанай бактэрыяй Vibrio cholerae, з кароткім інкубацыйным перыядам ад 12 гадзін да 5 дзён. У большасці людзей сімптомы адсутнічаюць або выяўляюцца слаба ці ўмерана, але прыкладна ў пятай часткі тых, хто захварэў, развіваецца вострая вадзяністая дыярэя з моцным абязводжваннем, што пагражае жыццю.
За апошнія два стагоддзі было зарэгістравана сем розных эпідэмій халеры. Лічыцца, што сёмая пандэмія працягваецца да гэтага часу, яна пачалася ў 1961 годзе. У канцы 1990-х захворванне халерай у свеце значна знізілася, аднак інфекцыя ўсё яшчэ шырока была прадстаўлена ў Афрыцы і Азіі.
26 студзеня 2023 года ўспышка халеры была класіфікавана на глабальным узроўні як надзвычайная сітуацыя 3-га класа (найвышэйшы ўзровень). Для каардынацыі міжкраінавага ўзаемадзеяння пры Сусветнай арганізацыі аховы здароўя створана штаб-кватэра па барацьбе з халерай.
Анастасія Ляшкевіч, загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, пракаментавала сітуацыю ў газеце “Медыцынскі веснік”:
– Паводле ацэнак даследчыкаў, у свеце штогод рэгіструецца ад 1,3 да 4 мільёнаў выпадкаў захворвання халерай, 20–140 тысяч з якіх смяротныя.
У XIX стагоддзі халера распаўсюдзілася па ўсім свеце са свайго першапачатковага рэзервуара ў дэльце ракі Ганг у Індыі. Цяпер многія краіны з’яўляюцца эндэмічнымі па дадзеным захворванні. Традыцыйна гэта краіны Паўднёвай, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. У Еўрапейскім рэгіёне рэгіструюцца завозныя выпадкі захворвання. За апошнія дзесяць гадоў паведамлялася пра выпадкі завозу халеры на тэрыторыю Вялікабрытаніі, Францыі, Фінляндыі, Іспаніі, Даніі, Нідэрландаў, Германіі, Швецыі, Украіны, Італіі, Нарвегіі, Швейцарыі, Чэхіі, Расіі, Казахстана.
У 2021–2022 гадах найбольш буйныя ўспышкі халеры былі зарэгістраваны ў Афганістане, Бангладэшы, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Эфіопіі, Нігерыі, Беніне, Камеруне, Сірыі, працягваецца ўспышка на Гаіці. Пагаршэнню эпідэміялагічнай сітуацыі па халеры спрыяюць нізкі ўзровень сацыяльнай культуры насельніцтва, прыродныя і тэхнагенныя катастрофы, ваенныя канфлікты, тэрарызм.
Улічваючы тое, што шэраг краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі халеры, з’яўляюцца папулярнымі аб’ектамі турыстычных маршрутаў (Індыя, Дамініканская Рэспубліка, Гоа і іншыя), пры планаванні паездак неабходна ўдакладняць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне знаходжання, а пры наведванні такіх краін – прымаць меры прафілактыкі пры арганізацыі пітнога рэжыму, харчавання, вольнага часу, выконваць правілы асабістай гігіены.
На тэрыторыі Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя па халеры характарызуецца як стабільная, за апошнія 10 гадоў выпадкаў завозу захворвання не рэгістравалася. У рамках дзеючай нарматыўнай прававой базы на сістэмнай аснове праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку халеры. Так, у пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца санітарна-каранцінны кантроль асоб, якія прыбываюць з эндэмічных па халеры краін.
У цёплы перыяд года ажыццяўляецца маніторынг цыркуляцыі узбуджальнікаў захворвання ў знешнім асяроддзі, уключаючы правядзенне лабараторнага даследавання вады з вадаёмаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі масавага выкарыстання насельніцтва для адпачынку і бытавых патрэб. Забяспечана гатоўнасць арганізацый аховы здароўя да ранняга выяўлення асоб з сімптомамі, якія не выключаюць халеру, аказанні ім медыцынскай дапамогі і правядзенню адпаведных санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.
Аксана ГРЫГОР’ЕВА.