Reuters: Брытанія не запрасіла на каранацыю прадстаўнікоў Расіі і Беларусі

Вялікабрытанія не запрасіла на каранацыю караля Карла III, якая пройдзе 6 мая ў Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, прадстаўнікоў Расіі, Беларусі, Афганістана, Венесуэлы, Ірана і Сірыі. Пра гэта паведаміла ў аўторак агенцтва Reuters са спасылкай на неназваную крыніцу.

Паводле яго інфармацыі, у выпадку з КНДР і Нікарагуа запрашэнні зроблены на імя высокапастаўленых дыпламатаў. Ва ўсіх астатніх выпадках Вялікабрытанія запрасіла кіраўнікоў дзяржаў, з якімі ў каралеўства ёсць дыпламатычныя адносіны, а таксама лідараў краін, у якіх Карл III выступае кіраўніком дзяржавы, і брытанскіх заморскіх тэрыторый.

Каранацыя Карла III адбудзецца ў прысутнасці больш за 2,2 тысяч чалавек больш чым з 200 краін праз 8 месяцаў пасля смерці яго маці, каралевы Лізаветы II (1926-2022). Сярод гасцей — члены каралеўскай сям’і, каля ста кіраўнікоў дзяржаў, першыя міністры Уэльса, Шатландыі і Паўночнай Ірландыі, генерал-губернатары краін Садружнасці, лорды-намеснікі караля ў буйных адміністрацыйных адзінках, прадстаўнікі розных цэркваў, Узброеных Сіл, дыпламатычнага корпуса, Нобелеўскія лаўрэаты, супрацоўнікі грамадскіх, дабрачынных арганізацый, надзвычайных службаў.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў, што на каранацыі яго краіну будзе прадстаўляць першая лэдзі Джыл Байдэн. З-за хірургічнай аперацыі цырымонію прапусціць каралева Даніі Маргрэтэ II.