Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла доўгачаканы законапраект “Аб асновах грамадзянскай супольнасці”.

Ад пачатку, калі толькі прагучала навіна пра тое, што такі закон рыхтуецца, было не зразумела, што задумалі беларускія ўлады? Бо грамдзянская супольнасць гэта ўсё грамадства, калі яно ініцыятыўнае, адказнае, калі ў краіне жыве не насельніцтва, а грамадзяне.

Грамадзянская супольнасць гэта шматлікія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы – вялікія і малыя, гэта партыі, гэта незалежныя СМІ, гэта незалежныя суды і сапраўдныя народныя засядацелі ў судовых пасяджэннях па самых складаных і рэзанансных справах.

Грамадзянская супольнасць гэта жывы, актыўны і свабодны народ вольнай краіны.

Дык што задумалі сённяшнія беларускія ўлады, спрабуючы ўсё гэта зарэгламентаваць законам?

Як цяпер высвятляецца, па вялікім рахунку мэта была адна – вызначыць, з кім будзе лічыцца дзяржава, каго будзе лічыць тымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, з якімі плануе супрацоўнічаць?

Праект закона “Аб асновах грамадзянскай супольнасці” невялікі: пералік тэрмінаў, пералік прынцыпаў, пералік задач, пералік формаў узаемадзення. Але гэта агульныя словы, своеасаблівы тэрміналагічны рытуал, якімі насычаны ўсе афіцыйныя дакументы: нам абяцаюць законнасць, правы і свабоды, галоснасць, грамадскі кантроль…

Але ў дадзеным дакуменце ўпершыню прапісаныя  “адмысловыя формы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці”. Гэта артыкул 7 законапраекта. У ім сказана:

“Адмысловымі формамі ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца:

– абранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ў прадугледжаным законам парадку;

– правядзенне сустрэч з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, прамых тэлефонных ліній, дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, выязных прыёмаў грамадзян у мэтах збору і выпрацоўкі прапаноў для вынясення на абмеркаванне на Усебеларускім народным сходзе;

– удзел у рэалізацыі выніковых рашэнняў Усебеларускага народнага сходу.

Дзяржаўныя органы (арганізацыі) узаемадзейнічаюць у формах, указаных у частцы першай гэтага артыкула, з суб’ектамі грамадзянскай супольнасці, якія зарэгістраваны і ажыццяўляюць сваю дзейнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, маюць абласныя, Мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, а таксама:

– з’яўляюцца рэспубліканскімі грамадскімі аб’яднаннямі, колькасць членаў якіх складае не менш за 100 000 грамадзян (для суб’ектаў грамадзянскай супольнасці – грамадскіх аб’яднанняў);

– аб’ядноўваюць не менш за палову зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь прафесійных саюзаў (для суб’ектаў грамадзянскай супольнасці – прафесійных саюзаў).”

Выглядае так, што менавіта дзеля гэтага артыкула і прымаецца закон.

З кім будзе супрацоўнічаць дзяржаўная ўлада? Са сваімі! З тымі, каго, лічы, сама стварыла і сама цалкам кантралюе.

“Народная Воля” ўжо пералічвала арганізацыі, якія маюць у сваім складзе сто тысяч чалавек: ветэраны, жанчыны, інваліды, “Белая Русь”… З прафсаюзамі таксама ўсё зразумела – незалежныя прафсаюзы ліквідаваны, лідараў Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, які іх аб’ядноўваў, зараз судзяць. Застаецца толькі праўладная федэрацыя.

Такім чынам, падзел беларусаў на “правільных” і “няправільных” працягваецца. Вось толькі каму на карысць пашырэнне раскола беларускага грамадства?

Ірына МАЛЬЦАВА.

Публікацыя з № 103 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.