Расіянін падпаліў пральню ў Кобрыне

У Кобрыне 23-гадовы расіянін падпаліў пральню, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Зламыснік раніцай з тыльнага боку будынка выбіў ўваходныя дзверы і падняўся ў памяшканне пральні. Там ён пашкодзіў тэхніку, затым па падлозе расклаў вопратку і падпаліў яе.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку УУС Брэсцкага аблвыканкама разам з калегамі з Кобрынскага РАУС высветлілі, што да здарэння датычны грамадзянін Расіі. Яго затрымалі ў той жа дзень у Брэсце. Малады чалавек збіраўся пакінуць Беларусь. Патлумачыў, што на падпал яго штурхнула непрыязнае стаўленне да ўладальніка пральні.

Следчыя распачалі крымінальную справу. Фігуранта змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.