Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

Фотарэпартаж з выселеных вёсак Харошаўка, Мікольск, Забалоцце Буда-Кашалёўскага раёна.

Выселеная пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС зона ажывае па-сапраўднаму адзін раз на год – на Радаўніцу. Сюды да родных магілаў, ці, як кажуць яшчэ, родных кладоў, едуць людзі з розных куткоў Беларусі, каб памянуць памерлых продкаў. Радаўніца яшчэ і добрая нагода сустрэцца з аднавяскоўцамі, абмяняцца навінамі, разам прыгадаць любыя сэрцу мясціны, якія праз радыяцыю сталі непрыдатнымі для жыцця.

У Буда-Кашалёўскім раёне, за дзьве з паловай сотні вёрст ад Чарнобыля, нежылой зонай стала яго паўночна-ўсходняя частка. Асабліва пацярпелі вёскі колішняга Забалоцкага сельскага савета – Боркі, Вясёлы Араты, Харошаўка, Мікольск, Забалоцце. Сумнавядовым рэкардсменам стаў у раёне пасёлак Баявы (Акцябрскі сельсавет), дзе радыяцэзію-137 выпала ажно 48 кюры на квадратны кіламетр. Не абмінуў гэтыя мясціны і стронцый-90.

На могілках у Мікольску купкамі шчыруе каля сваіх кладоў прыезджы люд.  Каля дзесятка магіл прыбіраюць Гуменнікавы.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

– У нас тут бацькі, дзядулі, бабулі, цёткі, – кажа Надзея Мурашкіна, у дзявоцтве Гуменнікава. – Маму адсюль высялялі. А дзед Яўхім яшчэ да Чарнобыля памёр. Яго ў вайну забралі ў Германію, а пасля перамогі адправілі ў савецкі лагер.  Колькі сядзеў у тым лагеры, я не ведаю. Але калі ўжо вяртаўся дадому, то дачок сваіх на лясной сцежцы не пазнаў – павырасталі. Вось вяжу яму на крыж свежы ручнічок. Зямное жыццё ў дзеда даўно скончылася, а духоўнае, спадзяюся, працягваецца.

Перад колішняй вёскай Харошаўка вісіць знак радыяцыйнай небяспекі з папярэджаннем: «Уваход і ўезд забаронены! Вядзецца фотаздыманне».

Аднак па даўняй завядзёнцы на выходныя перад Радоўніцай і на саму Радаўніцу ўваход і ўезд ў зону не забараняецца.

Раней сітуацыю рэгуляваў Дзяржкамчарнобыль. Пасля нядаўняга скасавання гэтай структуры функцыі рэгулявання перададзены мясцовым выканкамам. Да таго ж у Харошаўцы, недзе праз паўкіламетра за радыяцыйным знакам у бок могілак, размешчаны летні лагер для цяліц пад наглядам жывёлаводаў. Ды і палі вакол засяваюцца. Вёску закапалі, а палеткі вярнулі ў гаспадарчы севазварот. Такі вось сюррэалізм.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

Харошаўскія могілкі пакрысе зарастаюць, хоць і тут у нядзелю, за дзень да Радаўніцы, стаяла з паўдзесятка легкавікоў. Дзмітрый Грышчанкоў з сястрой Аленай і яе дачкою Лерай прыбіраюць магільны грудок дзеда. Дзмітрый носіць жоўты пясочак, капае яго побач з могілкамі. Лера з маці вяжуць на металёвы крыж чысты ручнік і аздабляюць магілу штучнымі кветкамі.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

– Я прыехала з маці і дзядзькам сюды, каб захаваць памяць пра сваіх прашчураў. Не так шмат пра іх мы ведаем. Па сутнасці, пазнанне ў бальшыні не сягае далей трэцяга пакалення. Я не выключэнне. А тут яшчэ Чарнобыль рваў радзінныя повязі. Сямейны радавод варта ствараць, пісьмовы, –  разважае студэнтка Лера.

Будаўнік Сяргей Грышчанкоў прыехаў з сям’ёй з Калінкавічаў. Радыяцыя не радыяцыя, а наведваць могілкі трэба абавязкова, лічыць  Сяргей. Велікоднае яйка і кавалачак пірага па сподачак пакласці. Гэта такі нязменны абавязак жывых перад мёртвымі. І абавязкова добрым словам памерлых прыгадаць –  тады яны і пачуюць радасную вестку пра Уваскрасенне Хрыстова.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

На забалоцкім кладаўе нядзельным днём таксама  нямала людзей. Традыцыя тут такая. Прыязджаюць і парадкуюць магілы хто калі можа.  Алег Рудзянкоў з сямейнікамі парадкуе магілы бацькоў. Сам гаспадар фарбуе агароджу, іншыя падграбаюць мінулагодняе лісце вакол агароджы і ў сярэдзіне, выціраюць надмагільныя абеліскі. Таццяна прыгатавала вялікія букеты кветак для кожнай магілы.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлыхЗабалоцце высялялі напачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, калі разабраліся, што радыенуклідамі накрыла не толькі паўднёвыя раёны Гомельшчыны, але і паўночныя. Жыхароў мясцовых  раскідалі каго куды — у Гомель, Буда-Кашалёва, вёску Шчадрын Жлобінскага раёна. Некаторыя з’ехалі нават у  Дзяржынск, што пад Мінскам. Могілкі ж з пахаваннямі засталіся. Засталіся жыць з некалі вялікай вёскі на восемсот душ пару дзесяткаў чалавек, што пасяліліся бліжэй да шашы Гомель-Магілёў. Астатняя тэрытовыя паселішча моцна зарасла кустоўем да самых могілак і наўсцяж далей.

Цяпер вяскоўцы, што засталіся ў Забалоцці пасля чарнобыльскага адсялення, ходзяць на Радаўніцу на свае клады той сцяжынаю, якой ішлі калі хавалі сваіх родных. Прычым імкнуцца прыбраць клады да Радаўніцы, а непасрэдна ўжо на Вялікдзень для памерлых нясуць ім пасачку. І вітаюцца з усімі словамі: «Хрыстос уваскрос!»

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

Антаніна Міхалкова, якой ужо 87 гадоў, з гомельскай дачкою Святланай ажно два дні, у суботу і нядзелю, прыбіралі магілы родных. Крайняя з іх – Мікалая Міхалкова, мужа Антаніны, бацькі Святланы.

– Мікалай мой жыў бы яшчэ, калі б не «кавід», – сцвярджае Антаніна Іванаўна. – Яму дзвяноста было, а ён нават сівым не быў. Кажуць радыяцыя радыяцыя. Памёр муж у райбальніцы не ад радыяцыі, а ад гэтага праклятага каранавіруса.

Вяскоўцы перакананы, што Радаўніца –  гэта для памерлых радасць: іх наведваюць, успамінаюць, шануюць. Гэтак успрымае адметны дзень і свой удзел ва ўшанаванні памяці родных і Валянціна Шчыкалава з Буда-Кашалёва.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

На забалоцкіх могілках мясцовыя жыхары і  прыезджыя перасяленцы паказвалі старую разлапістую ліпу, гатовую абваліцца ўсёй сваёй важкасцю на тутэйшыя помнікі ды агароджы. Адна яе таўшчэзная галіна ўжо абрынулася долу, але яе так і не прыбралі. З боку здзічэлага саду ляжыць ладная горка смецця, таксама не выводзяць.

Радаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлыхРадаўніца ў зоне – Вялікдзень для памерлых

Пра гэта ведае кіраўніцтва Шырокаўскага сельскага савета, але нуль увагі. Падвезлі сёлета толькі пяску, каб паднавіць, каму трэба, надмагільныя грудкі. На ўсё астатняе нібыта бракуе сродкаў. Могілкі ж не пры бойкай трасе, а за кустоўем у зоне – ніякае начальства не пабачыць.

Анатоль ЛІПСКІ.

Фота аўтара.