Псеўдарэцэпты Ігара Бузоўскага

Ігар Бузоўскі. Фота з адкрытых крыніц.
Ігар Бузоўскі. Фота з адкрытых крыніц.

Міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая традыцыйна праходзіць у Мінску ў сакавіку, я наведваў амаль штогод. Заўжды цікава было паглядзець на новыя выданні айчынных выдавецтваў (дзяржаўных і незалежных), а таксама на кніжную прадукцыю замежных краін. Ніколі не вяртаўся дамоў з пустымі рукамі, бо на выставе кнігі каштавалі, як правіла, танней, чым у кнігарнях.

Відаць, наведаю выставачны комплекс на праспекце Пераможцаў і сёлета (выстава пачне працу з 22 сакавіка), але без асаблівай ахвоты, хутчэй па інерцыі. Знеахвоціла мяне, па-першае, тое, што незалежных беларускіх выдавецтваў там упершыню амаль не будзе – больш за дзясятак іх дзяржава пазакрывала. Па-другое, ганаровым госцем выставы будзе зноў (у каторы ўжо раз!) Расія. Улічваючы той мілітарысцкі шал, якім ахоплена гэта краіна ў сувязі з развязанай ёю вайной ва Украіне, можна ўявіць, якую літаратуру расійскія выдавецтвы прывязуць у Беларусь.

Зразумела, што ў сёлетняй выставе не ўдзельнічае братняя Украіна, чые кніжныя стэнды мяне заўжды прываблівалі. У адрозненне, напрыклад, ад кітайскіх ці іранскіх – з абавязковымі партрэтамі тамтэйшых правадыроў ды іхнімі зборамі твораў.

Не дадалі ахвоты наведаць выставу-кірмаш і словы адказнага за кнігавыданне намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага. Расказваючы аб прыярытэтах дзяржаўнай кнігавыдавецкай палітыкі і прызнаючы пэўныя праблемы з беларускамоўнай літаратурай, чыноўнік прапісаў дзіўны рэцэпт для выпраўлення сітуацыі:

“В новой издательской серии будут представлены произведения белорусских классиков на русском языке. Первыми в серии появились роман Ивана Мележа “Люди на болоте” и повесть Владимира Короткевича “Дикая охота короля Стаха”. Делаем мы это сознательно, чтобы ознакомить с белорусской литературой не только зарубежных читателей, но и нашу молодежь. Потому что для популяризации белорусского языка, возможно, стоит сначала предложить молодым людям русскую версию, которая потом вдохновит на чтение в оригинале”.

Мабыць, ад такога “вдохновения” Мележ з Караткевічам у трунах перавярнуліся… Бо фактычна з дапамогай іх твораў у Беларусі будзе працягвацца русіфікацыя.

Дзяржаўны службоўца І.Бузоўскі мусіў бы думаць па-дзяржаўнаму. Скажам, як вярнуць адмененую гадоў пятнаццаць таму падатковую ільготу на выданне беларускамоўнай літаратуры – каб цана на яе была больш даступнай. Ці – як павялічыць наклады кніг, якія апусціліся на рэкордна нізкі ўзровень – 500–600 асобнікаў нават для класікі. Або – як вырашыць застарэлую праблему з аўтарскім ганарарам, які дзяржвыдавецтвы выплачваюць пераважна… кнігамі. Атрымліваецца, пісьменнікі павінны пісаць свае кнігі фактычна бясплатна.

Ды ці мала праблем і прычын, з-за якіх беларускамоўнае кнігавыданне ў нас у стабільным заняпадзе? Але І.Бузоўскі гэтых праблем-прычын не бачыць. І прапісвае падуладнай яму хранічна хворай галіне свой псеўдарэцэпт: вярнуць цікавасць да беларускай літаратуры выданнямі на рускай мове.

Гэта – як палячыць алкаголіка скрыняй гарэлкі. Ці наркамана – мяшком марыхуаны.

Згадваецца, як у савецкі час у Мінску вялізнымі накладамі выдаваліся рускамоўныя пераклады кніг В.Быкава, У.Караткевіча, А.Жука, В.Казько. Па-беларуску – тысяч пяць-восем, а па-руску – сто тысяч. Дык тады ўсё кнігавыданне кантралявалася з Масквы, а там камуністычныя селекцыянеры выводзілі “новую историческую общность – советский народ”.

Якую “общность”, якую людскую пароду задумаў вывесці І.Бузоўскі? Зрусіфікаваных “западнокраевцев”, якія імкнуцца далучыцца да ваяўнічага “русского мира”?

У гэтай сітуацыі для мяне відавочна адно: выхадзец з БРСМ І.Бузоўскі ў Міністэрстве інфармацыі знаходзіцца яўна не на сваім месцы. Гэтак “дбаючы” пра беларускае кнігавыданне, ён яго проста пахавае. Канчаткова, на векі вечныя.

Антон ЗАГОРСКІ.