Прымірэнне ці люстрацыя?

У камісію па вяртанні беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій  за межы рэспублікі, пакуль паступілі ўсяго 23 звароты. Пра гэта расказаў намеснік генпракурора, намеснік старшыні камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі Аляксей Стук у эфіры тэлеканала СТБ.

Ён паведаміў, што большасць заяў не адпавядаюць патрабаванням. І камісія ўвогуле яшчэ нават не засядала.

Завалілі ўсю работу!

А памятаеце, як нам расказвалі, што беларускія прававеды ўсё прадумалі, прадугледзелі, вывучылі міжнародны вопыт?

Памятаеце, колькі дзеячаў ужо разважалі, каго і куды з вярнуўшыхся можна будзе браць на работу, якога пакаяння патрабаваць?

Але, бачыце, тыя, хто з’ехаў, не ацанілі перспектывы, што намалявала камісія па вяртанні. Зваротаў мінімум. Выходзіць, пралічыліся аўтары ініцыятывы, няправільна ацанілі сітуацыю.

Уявіце, што распрацоўшчыкі нейкага ўказа па іншай праблематыцы прапісалі б у дакуменце механізм, які не можа працаваць – скажам, па вяртанні крэдытаў ці наконт павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Пух і пер’е ляцелі б з такіх распрацоўшчыкаў на шматлікіх нарадах, на іх адрас гучала б крытыка з усіх трыбун. Людзі – гэта капітал, даражэйшы за карову. Але ў краіне поўная цішыня.

Можа, дзяржава не хоча, каб вярнуліся дадому тыя, хто збег, спалохаўшыся рэпрэсій? Можа, стварэнне камісі па вяртанні гэта проста “інфармацыйны дым”?

Не, нават праўладныя аналітыкі і эксперты прызнаюць, што справа гэта вельмі важная.

Так, на сайце БЕЛТА размешчана інтэрв’ю з доктарам палітычных навук, прафесарам Гродзенскага ўніверсітэта Віктарам Ватылем. Ён настойвае, што Беларусі неабходна прымірэнне.

– Канешне, мы разумеем, што нам не патрэбна ўнутранае грамадзянскае рознагалоссе, падзел у розумах і сэрцах, у сем’ях, на вуліцах. Гэта трэба прыбіраць. Нам  такое не патрэбна, і гэта самае галоўнае, – заявіў Віктар Ватыль. – Канешне, кіраўніцтва (краіны) цудоўна разумее, што трэба выбіць глебу ў тых непрымірымых, якія цудоўна разумеюць, што для іх вяртання няма.

Гэта адна з задач, прафілактычная. Тым самым трэба стварыць глебу для прымірэння, людзі павінны разумець, што могуць вярнуцца дадому. ..

Гэта няпростая справа, складаная, далікатная. Ставіцца трэба вельмі карэктна. Спекуляцыі будуць, але нам трэба рабіць сваё. Спакойна, выверана, без шараханняў. Гэтым павінны займацца людзі, якія маюць і маральны запас, і прафесіяналізм, і разуменне, што трэба рабіць. Крок не толькі своечасовы, а на перспектыву.

Аднак прафесар Ватыль не сказаў галоўнага – што стварэнне камісіі па вяртанні і прапанаваны алгарытм яе працы гэта не крок да прымірэння. Па сутнасці, ужыты механізм люстрацыі. Калі будзе разглядацца персанальная справа кожнага, калі ўжо агучана, што тыя, хто вернецца, шмат дзе працаваць не змогуць, калі размова адкрыта ідзе пра палітычныя чысткі. Люстрацыя гэта не прымірэнне, гэта, наадварот, пакаранне. Нават у выпадках калі не звязана з турмой.

Адзіна магчымы, правераны гісторыяй крок да нацыянальнага прымірэння – гэта палітычная амністыя. Людзі не павінны баяцца вяртацца дадому, людзі не павінны баяцца жыць у сваёй краіне. У турмах не павінна быць тых, каму там не месца, хто выступіў супраць фальсіфікацый вынікаў галасавання падчас прэзідэнцкіх выбараў, хто хацеў зрабіць нашу краіну лепшай і пацярпеў за свае памкненні і погляды. Але пра гэты, галоўны крок, афіцыйныя асобы маўчаць.

Ірына МАЛЬЦАВА.