
«Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін», — паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Яніна.
Наколькі вядома, Пушкін памёр у Бальніцы хуткай дапамогі.
У сакавіку мінулага года яго асудзілі на пяць гадоў калоніі па абвінавачванні ў «рэабілітацыі нацызму» і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Як «рэабілітацыю нацызму» інтэрпрэтавалі напісаны ім партрэт антысавецкага партызана. Прычым, на момант завядзення справы мастак быў у Кіеве, але спецыяльна вярнуўся ў Беларусь. Яго затрымалі праз пару дзён у Жылічах, дзе ён працаваў на рэстараўцыі палаца.
25 сакавіка 2022 года Алесь падчас судовага працэсу парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.
Вясной гэтага года пакаранне Пушкіну зрабілі больш жорсткім, перавёўшы з калоніі ў гродзенскую турму.
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна. Прыкладна з шасці гадоў пачаў маляваць.
У 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка, затым паступіў на курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
У 1984 годзе быў прызваны ў армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік на беларускай мове, апісваючы, што адбывался на той вайне. Дзённік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння. Гэта быў час узнікнення ў Беларусі такіх моладзевых гісторыка-культурных арганізацый, як, напрыклад, «Талака», што займалася рэстаўрацыяй помнікаў, асветніцкай дзейнасцю, адраджэннем беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі. У 1988-м, на 4-м курсе інстытута, Алесь Пушкін арганізаваў першую суполку «Беларускага народнага фронту».
У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху. У прыватнасці, браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінання продкаў «Дзяды» ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года, з-за чаго 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак.
5 сакавіка 1989 года, падчас святкавання 71-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Алесь Пушкін ажыццявіў першы ў Беларусі маніфест сац-арту: напісаныя ім 12 плакатаў, якія супярэчылі тагачаснай дзяржаўнай ідэалогіі, планавалася пранесці па галоўным праспекце Мінска да плошчы перад Домам ураду. На адным з плакатаў быў намаляваны дзяржаўны сцяг БССР узору 1951 года і надпіс «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Праўда, калоне ўдалося прайсці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку іншых 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам. І гэта быў толькі першы арышт… Нажаль, не апошні. Апошні скончыўся трагедыяй.
Алесь мае двух дзяцей у шлюбе — Марылю і Міколу і двух пазашлюбных дочак — Ганну і Дар’ю.