Прэзідэнт Сербіі пагадзіўся на датэрміновыя выбары

Фота АР

Прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч на фоне пратэстаў пасля двух запар выпадкаў страляніны, якія адбыліся ў гэтай краіне, заявіў, што пагаджаецца на датэрміновыя выбары

Заява Вучыча прагучала падчас ягонага візіту на выставу незарэгістраванай зброі, якую грамадзяне здалі добраахвотна.

«Мы ідзем на выбары, самае позняе ў верасні. Вы не будзеце вызначаць, калі адбудуцца выбары… але калі вы хочаце гаварыць — мы гатовыя гаварыць», — сказаў прэзідэнт.

Ён дадаў, што ўлады працягнуць прымаць меры для прадухілення паўтарэння падобных інцыдэнтаў.

На пачатку мая  ў Сербіі адбыліся два інцыдэнты з масавай стралянінай — у школе ў Бялградзе і ў ваколіцах сербскай сталіцы на наступны дзень, у выніку якіх загінулі па восем чалавек. Падазраваныя ў абодвух выпадках – адпаведна 13-гадовы падлетак і 20 – гадовы хлопец — знаходзяцца пад вартай.

Пасля адбыўшыхся трагедый прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч анансаваў маштабныя папраўкі ў заканадаўства, каб узмацніць кантроль за нашэннем стралковай зброі. Міністр адукацыі падаў у адстаўку. Але грамадства патрабуе большых рэформ, і ў Бялградзе адбыліся буйныя акцыі пратэсту.