Правасуддзе: у каго больш гуманнае?

Фота з адкрытых крыніц.

Выступаючы 14 красавіка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод суддзям Вярхоўнага суда, А.Лукашэнка прамовіў такія словы: “…мы зрабілі гуманнай нашу краіну і гуманным – наша правасуддзе”.

А ці супадае такое выказванне з рэальнасцю? Паразважаем на прыкладзе хаця б аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса.

Для параўнання возьмем артыкул 369 – “Абраза прадстаўніка ўлады”. Пасля 2020 года ён стаў прымяняцца даволі часта, і нямала людзей, якія пакідалі каментарыі ў інтэрнэце, асуджаны менавіта па ім.

У беларускім законе вызначана так: “Абраза прадстаўніка ўлады або яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненая ў публічным выступе, ці ў друкаваным творы, ці ў творы, які публічна дэманстраваўся, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцыі Інтэрнэт, – караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам”.

Такім чынам, за абразу прадстаўніка ўлады ў Беларусі можна атрымаць аж тры гады пазбаўлення волі ды яшчэ і са штрафам.

Які змест адпаведных заканадаўчых артыкулаў у іншых краінах? Хаця б у нашых саюзнікаў па ЕАЭС?

 

Расія

У Крымінальным кодэксе Расійскай Федэрацыі пакаранне за аналагічнае злачынства прапісана ў артыкуле 319.

“Публічная абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні ім сваіх службовых абавязкаў або ў сувязі з іх выкананнем караецца штрафам у памеры да сарака тысяч рублёў або ў памеры заработнай платы ці іншага даходу асуджанага за перыяд да трох месяцаў, альбо абавязковымі працамі на тэрмін да трохсот шасцідзесяці гадзін, альбо папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года”.

Такім чынам, у Расіі арышт за публічную абразу прадстаўніка ўлады ўвогуле не прадугледжаны, а памер штрафу залежыць ад заробку чалавека. Да таго ж, як бачыце, за абразу членаў яго сям’і расійскі закон не карае ўвогуле.

 

 Арменія

У ліпені 2021 года Нацыянальны сход Арменіі прыняў рашэнне аб дапаўненні Крымінальнага кодэкса артыкулам 137.1 “Цяжкая абраза”, які прадугледжваў пакаранне штрафам і нават арыштам да трох месяцаў за нецэнзурную лаянку або абразу годнасці публічных асоб (не толькі чыноўнікаў, але і, напрыклад, журналістаў).

Аднак дзейнічаў гэты артыкул менш за год, і з 1 ліпеня 2022-га ў Арменіі абраза – гэта зноў не крымінальнае злачынства, а адміністрацыйнае парушэнне.

“Закон аб крыміналізацыі цяжкіх абраз быў прэвентыўнай мерай у постваенны перыяд (маецца на ўвазе абвастрэнне канфлікту з Азербайджанам з-за Карабаха. – Заўв.), калі нецэнзурная лаянка стала часткай палітычнай і грамадскай дыскусіі. Мы адразу не хавалі, што ён будзе скасаваны”, – патлумачыла дэпутат Арусяк Джулакян.

Такім чынам, у Арменіі абраза ўвогуле не прадугледжвае крымінальнага пераследу.

 

Казахстан

У Казахстане Крымінальны кодэкс утрымлівае артыкул 378 “Абраза прадстаўніка ўлады”. Ён выкладзены наступным чынам:

“Абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні ім сваіх службовых абавязкаў або ў сувязі з іх выкананнем – караецца штрафам у памеры да васьмідзесяці месячных разліковых паказчыкаў (па-нашаму – базавых велічынь. – Заўв.) альбо папраўчымі работамі ў тым жа памеры, альбо прыцягненнем да грамадскіх работ на тэрмін да васьмідзесяці гадзін, альбо арыштам на тэрмін да дваццаці сутак.

Тое ж дзеянне, здзейсненае публічна ці з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або сетак тэлекамунікацый, – караецца штрафам у памеры да ста шасцідзесяці месячных разліковых паказчыкаў альбо папраўчымі работамі ў тым жа памеры, альбо прыцягненнем да грамадскіх работ на тэрмін да ста шасцідзесяці гадзін, альбо арыштам на тэрмін да сарака сутак”.

Параўнайце максімальнае пакаранне па беларускім законе – да трох гадоў пазбаўлення волі, і у Казахстане – да сарака сутак. Дык чыё правасуддзе больш гуманнае?

Заўважым, што Крымінальны кодэкс Казахстана ўтрымлівае спецыяльнае ўдакладненне да гэтага артыкула. А іменна: “Публічныя выступы, якія змяшчаюць крытычныя выказванні аб службовай дзейнасці прадстаўніка ўлады, не цягнуць крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле”. Выходзіць, казахскім чыноўнікам карона галаву не цісне…

 

Кыргызстан

У Крымінальным кодэксе Кыргызстана адказнасць за паклёп і абразу не прадугледжана ўвогуле. Гэты не лічыцца крымінальным злачынствам.

 

Таджыкістан

Таджыкістан у Еўразійскі эканамічны саюз не ўваходзіць, але не адмаўляецца ад інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Да таго ж, лічыцца ці не адной з самых аўтарытарных і недэмакратычных дзяржаў. Таму дзеля цікавасці давайце паглядзім мы і на іхняе законадаўства там.

Так, Таджыкістане за абразу прадстаўніка ўлады ў публічным выступе, праз СМІ або сетку інтэрнэт можна атрымаць ад штрафа да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Такім чынам, нават у параўнанні з Таджыкістанам, дзе існуе культ улады, а прэзідэнт Рахмон мае статус “фундатара міру і нацыянальнага адзінства”, пакаранне за абразу прадстаўніка ўлады меншае, чым у Беларусі!

І гэта мы яшчэ не закраналі асобную вялікую тэму, што ў іх лічыцца абразай, а што – у нас.

Так што самі паразважаем, дзе правасуддзе больш гуманнае, а дзе больш суровае. І чаму тое, за што ў Беларусі можна атрымаць рэальны тэрмін зняволення, нават у нашых бліжэйшых краін-саюзніц караецца значна мякчэй.

Ігар МАРОЗАЎ.