“Прашу ўганараваць…”

Гісторыя “Гомсельмаша” сапраўды цесна звязана з імем Мікалая Іванавіча Афанасьева.

З незвычайнай прапановай прыйшоў на прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко адзін  з наведвальнікаў.

Іван Афанасьеў, сын былога кіраўніка “Гомсельмаша”, прыйшоў да кіраўніка вобласці з прапановай-просьбай: прысвоіць званне Ганаровага грамадзяніна Гомеля ягонаму бацьку, Мікалаю Афанасьеву.

“Людзі, якія забяспечылі веліч дасягненняў нашай зямлі, не павінны быць забытыя”, – абгрунтаваў сваё хадайніцтва сын былога дырэктара.

Іван Крупко на прапанову не адказаў ні “так”, ні “не”. Маўляў, перашкод кіраўніцтва вобласці не бачыць, але рашэнне аб прысваенні звання будзе прымаць гарадскі Савет дэпутатаў. Хаця ўсім добра вядома, хто выступае ініцыятарам рашэнняў, якія прымаюць мясцовыя Саветы.

Гісторыя “Гомсельмаша” сапраўды цесна звязана з імем Мікалая Іванавіча Афанасьева. Некаторыя нават лічаць, што і не толькі гэтага прадпрыемства, але ўвогуле – прамысловасці Гомеля, а таксама сельгасмашынабудавання Савецкага Саюза.

Яго дырэктарская вахта працягвалася з 1972 па 1987 год. За гэты час было пабудавана некалькі заводаў, калектыў прадпрыемства вырас з 9,5 тысячы да 34 тысяч чалавек. І, дзякуючы ў тым ліку «Гомсельмашу», горад стаў магутным прамысловым цэнтрам.

Доктар тэхнічных навук Мікалай Афанасьеў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, удастоены званняў выдатніка асветы БССР і СССР, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР трох скліканняў, членам ЦК КПБ. Але асабліва Мікалай Афанасьеў ганарыцца пасведчаннем заслужанага работніка “Гомсельмаша” пад нумарам адзін.

ДАРЭЧЫ

Імянны вялікагруз

“Прашу ўганараваць…”

На яшчэ адным прамысловым гіганце Беларусі – на БелАЗе – ушаноўваць былых дырэктараў вырашылі інакш. Іх імёны будуць надаваць выпушчаным машынам – так, як даюць імёны караблям.

У канцы лютага з канвеера прадпрыемства сышоў 2000-ы самазвал грузападымальнасцю 220 тон. Яму было вырашана прысвоіць імя першага дырэктара Мікалая Дзеравянкі, які кіраваў заводам з 1958 па 1961 год. Пад яго кіраўніцтвам быў створаны аддзел галоўнага канструктара, дзе зарадзілася школа канструявання, а таксама быў выраблены вопытны ўзор кар’ернага самазвала (27-тонны БЕЛАЗ-540), які на той час стаў тэхнічным прарывам.

«Мы заклалі традыцыю прысваення імёнаў выбітных людзей, якія працавалі і працуюць на нашым прадпрыемстве — усе нашы юбілейныя самазвалы цяпер будуць імяннымі,” – паведаміў цяперашні генеральны дырэктар БелАЗа Сяргей Нічыпаровіч.

Ігар МАРОЗАЎ.