Прадстаўнік Папы Рымскага асвяціў у Мінску новы касцёл

20 мая ў Новай Баравой — адным з самых маладых і сучасных мікрараёнаў Мінска — Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Францішка, предае сайт беларускіх католікаў.

Будаўніцтва святыні ў парафіі, дзе нясуць служэнне Меншыя Браты Капуцыны, працягвалася восем гадоў і вялося намаганнямі мясцовых вернікаў і іх душпастыраў.

Асноўныя працы ўжо завершаны, застаецца ўнутранае мастацкае аздабленне касцёла, узведзенага ў нэараманскім стылі.

Пад бой званоў на вежы, яшчэ неатынкаванай і апранутай рыштаваннямі, удзельнікі ўрачыстасці сабраліся на добраўпарадкаваным пляцы перад святыняй на чале з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам — Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, Апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, вікарыем Варшаўскай правінцыі Мешых Братоў Капуцынаў братам Томашам Вроньскім разам са шматлікімі святарамі. Нунцый Ёзіч прачытаў уступную малітву, пасля чаго духавенства і вернікі ў працэсіі ўвайшлі ў новазбудаваны касцёл.

У гэты гістарычны момант парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Веранікі Раманенкавай упершыню спяваў гімн парафіі святога Францішка на тэкст Таццяны Цвірко, пакладзены на музыку Канстанцінам Яськовым.

«Там, дзе вецер пад купалам неба лунаў
На лясістай бяскарайняй раўніне,
З цэглы і валуноў дом сакральны паўстаў,
Для парафіі нашай святыня», — пад гэты ўзнёслы спеў касцёл запоўніўся вернікамі, сярод якіх былі і мясцовыя парафіяне, і шматлікія госці з іншых парафій Мінска, а таксама з парафіяльных супольнасцяў з розных мясцін Беларусі, дзе нясуць служэнне браты капуцыны.