Прадстаўнік Беларусі пры ААН распавёў, у якім пытанні падтрымаў Украіну

Фота з адкрытых крыніц.

Аляксандр Лукашэнка даручыў дадаткова актывізаваць работу пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Аб гэтым заявіў журналістам пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, перадае БЕЛТА.

Валянцін Рыбакоў нагадаў, што Беларусь была адной з пяці дзясяткаў краін — заснавальніц ААН, і арганізацыю крытыкуюць фактычна з моманту яе ўзнікнення.

«Мы працуем з дзяржавамі-членамі. Гэта наша асноўная задача. У нас ёсць пэўныя поспехі, ёсць і правалы, ёсць цяжкасці, з якімі мы гераічна змагаемся. Гэта ўнікальная міжнародная пляцоўка. Унікальнасць яе заключаецца ў тым, што гэта адзіная пляцоўка, на якой прадстаўлены практычна ўсе дзяржавы свету. І вось у гэтым каштоўнасць такой арганізацыі», — сказаў Рыбакоў.

Пра правалы ён гаварыць не стаў, а вось поспехамі пахваліўся. Напрыклад, Генеральная Асамблея разглядала пытанні, якія былі ініцыяваны Беларуссю. Гэта барацьба з гандлем людзьмі, супрацоўніцтва па чарнобыльскай тэматыцы, устойлівае развіццё краін з сярэднім узроўнем даходу, абарона інтарэсаў традыцыйнай сям’і і некаторыя іншыя.

Што ж тычыцца працы Савета бяспекі ААН, то тут, наадварот, Рыбакоў хваліўся пытаннямі, якія не былі рзгледжаны.

«Любая дзяржава або група дзяржаў мае права вынесці на разгляд Савета Бяспекі тое ці іншае пытанне. І яно разглядаецца. Тут вельмі важна з улікам сітуацыі вакол Беларусі зрабіць так, каб нейкае негатыўнае для нас пытанне або аспект не сталі пунктам парадку дня Савета Бяспекі або Генеральнай Асамблеі. Вось гэтаму негатыўнаму сцэнарыю мы паспяхова процістаім там, дзе гэта неабходна рабіць», — адзначыў Валянцін Рыбакоў.

Адна з такіх маленькіх перамог беларускай дыпламатыі, па яго словах,  — гэта закрыццё ў Савеце бяспекі тэмы інцыдэнту з самалётам Ryanair. «Мы фактычна адным нашым выступленнем закрылі тэму Ryanair у Савеце Бяспекі. Наша выступленне поўнасцю паставіла кропку. У Савеце Бяспекі гэта пытанне больш не разглядалася ніколі», — расказаў ён.

Валянцін Рыбакоў расказаў журналістам і пра яшчэ адну з такіх дыпламатычных перамог Беларусі ў ААН.

«У гэтым годзе мы павінны былі прадставіць праект рэзалюцыі па чарнобыльскім супрацоўніцтве. Разумеючы рэгіянальную сітуацыю, мы адмовіліся гэта рабіць. Разумеючы, што ў гэты праект маглі быць унесены іншымі краінамі (яны маюць поўнае права гэта зрабіць) нейкія моманты, якія нас катэгарычна не задавольваюць. І мы апынуліся б у сітуацыі, калі мы, уносячы дакумент, вымушаны былі б потым штосьці з ім рабіць — здымаць яго з разгляду, неяк процідзейнічаць гэтым негатыўным усім аспектам. Мы не ўнеслі праект рэзалюцыі», — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, тады праект рэзалюцыі па чарнобыльскім супрацоўніцтве ўнесла Украіна. «Практычна скраўшы ў нас поўнасцю тэкст папярэдняй рэзалюцыі, папярэдняга праекта», — заўважыў Валянцін Рыбакоў.

«На здзіўленне Украіны і еўрапейскіх дзяржаў (для іх гэта проста была шокавая сітуацыя), мы выступілі суаўтарамі разам з Расіяй. Расія выступіла суаўтарам украінскай рэзалюцыі. Нам нават паступалі званкі ад еўрапейскіх нашых калег, якія задавалі нам пытанне: «А вы не памыліліся? Вы наогул разумееце, што робіце? Што вы выступаеце суаўтарам рэзалюцыі, якую ўнесла Украіна. — Так, вядома, разумеем. Рэзалюцыя нармальная, тэкст добры, нас задавольвае. Чаму не? Чарнобыльскае супрацоўніцтва — святая справа для нас», — расказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН.

 

ИсточникНародная Воля
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".