
Помнік выдатнай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве, усталяваны каля Свята-Троіцкай царквы ў 2003 годзе, мясцовыя ўлады ўсё ж дэмантавалі. Хоць усяго тры дні таму Зэльвенскі райвыканкам у афіцыйным лісце паабяцаў гэтага не рабіць, спаслаўшыся на адсутнасць у беларускім заканадаўстве адпаведнай нормы. Паабяцаў не зносіць – і знёс. Што выглядае даволі дзіўна.
Атрымліваецца, што левая рука не ведае, што робіць правая?
Ці ў Зэльве, усяго за нейкіх трыста метраў ад выканкама, дзейнічаюць нейкія невядомыя вандалы, для якіх выканкамаўскае рашэнне – пусты гук?
Яшчэ ўчора па звестках мясцовых жыхароў, помнік стаяў, а сёння з раніцы – ні помніка, ні пастамента. Выходзіць, вандалы пад покрывам ночы прабраліся на агароджаную тэрыторыю пры царкве і зрабілі сваю цёмную справу?
Бясспрэчна, у гісторыі Зэльвы гэта самая ганебная старонка. Ці ўсведамляе гэта старшыня мясцовай выканаўчай улады Дзяніс Альшэўскі?
Знос асвечанага па ўсіх канонах помніка не робіць гонару і кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліту Веньяміну. Які, дарэчы, лічыць сябе духоўным пераемнікам спачылага мітрапаліта Філарэта.
Уладыка Веньямін, вядома ж, ведае, што помнік Ларысе Геніюш быў усталяваны з дабраславення Філарэта (на помніку была адпаведная шыльда), што Філарэт з павагай ставіўся да паэткі і яе творчасці, прасякнутай хрысціянскім духам. Ведае – і не заступіўся, не ўзвысіў свой голас у абарону помніка, зносу якога дамагалася сумнавядомая гродзенскай хунвэйбінка Вольга Бондарава.
Маўчанне Веньяміна і прывяло да акта ганебнага вандалізму.
Дэмантаж помніка – знявага ў тым ліку і памяці ўладыкі Філарэта.
Помнік, па нашых звестках, знаходзіцца на захаванні ў зэльвенскай царкве. Прыйдзе час, і ён абавязкова вернецца на сваё месца.