Польшча ўварвалася ў ТОП-20 эканомік свету

Варшава

Польшча ў 2022 годзе была адказная за 1% ад усяго сусветнага ВУП. Пра гэта паведамілі ў Міжнародным валютным фондзе (МВФ). Гэта дазволіла Польшчы трапіць у двацатку краін, якія аказалі найбольшы ўплыў на сусветную эканоміку. Для параўнання, Беларусь змагла вырабіць 0,12% ад усяго сусветнага ВУП.

«Польская эканоміка ніколі не была такая важная для сусветнага гандлю, як цяпер», — пахваліўся дырэктар Польскага эканамічнага інстытута Пётр Арак.

Паводле звестак МВФ, Польшча заняла, разам з Аўстраліяй, 19-е месца ў дваццатцы вядучых краін свету. Пры гэтым у спісе краін з найбольшым уплывам на сусветную эканоміку палякі апынуліся вышэй, чым у рэйтынгу па долі ў сусветнага ВУП. Паводле ацэнак МВФ, польскі валавы ўнутраны прадукт у 2022 годзе склаў каля 688,3 мільярда долараў ЗША. Гэта дало Варшаве 22-е месца ў свеце паміж Тайванем і Аргенцінай.

Акрамя Польшчы і Аўстраліі, у дваццатку краін, якія аказваюць найбольшы ўплыў на сусветную эканоміку, увайшлі:

Кітай,
ЗША,
Індыя,
Японія,
Германія,
Расія,
Інданезія,
Бразілія,
Францыя,
Вялікабрытанія,
Турцыя,
Італія,
Мексіка,
Паўднёвая Карэя,
Канада,
Іспанія,
Саудаўская Аравія,
Егіпет.

Пры гэтым, на долю трох краін, якія ўносяць найбольшы ўклад у сусветны ВУП, у сукупнасці прыпадае больш за 41% ад агульнага аб’ёму. Кітай прыўнёс каля 18,5%, ЗША — 15,6%, Індыя — 7,3%.

Зараз Польшча з’яўляецца «адным з самых прывабных месцаў для інвестыцый у Еўропе», заявіў Пётр Арак. Амаль кожная чацвёртая еўрапейская кампанія, якая перамяшчае вытворчасць у іншую краіну, вырашае размясціць яе ў Польшчы, паведаміў ён.

Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонда, ВУП Польшчы ў 2023 годзе складзе амаль 748,89 мільярда долараў ЗША. Гэта па-ранейшаму ставіць яе на 22-е месца са 191 краіны, для якіх МВФ рыхтуе свае ацэнкі. Для Беларусі ў МВФ падрыхтавалі прагноз, у якім гаворыцца, што за 2023 год эканоміка зможа вырасці на 0,7% і складзе 73,54 мільярда долараў. Вось і параўноўвайце.

Паводле прагнозаў МВФ, краінай з найбуйнейшай эканомікай у 2023 годзе стануць Злучаныя Штаты з амаль 27 трыльёнамі долараў ВУП. Другім у рэйтынгу ідзе Кітай — па прагнозах, тут ВУП перавысіць 19 трыльёнаў долараў ЗША. Германія стане найбуйнейшай эканомікай Еўропы з ВУП  у 4,3 трыльёна долараў.

У той жа час МВФ прагназуе павелічэнне долі Кітая і Індыі і зніжэнне долі ЗША ў сусветным ВУП. Чакаецца, што такая тэндэнцыя захаваецца да 2028 года. Сумарная доля гэтых дзяржаў у сусветнай эканоміцы павінна скласці амаль 43%. На Кітай будзе прыходзіцца амаль пятая частка (19,7%), на ЗША — менш за 14,5%, а на Індыю — амаль 8,7%.

 

ИсточникНародная Воля
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".