Выява носіць ілюстрацыйны характар

Кітай выдзеліў Беларусі дадаткова 350 мільёнаў юаняў (гэта амаль 52 мільёны долараў) на будаўніцтва ў Мінску Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарта.

Пра гэта гаворыцца ў міжурадавым пагадненні, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Грошы выдзяляюцца ў адпаведнасці з патрэбай ўрада Беларусі як тэхніка-эканамічная дапамога “для папаўнення недахопу фінансавання” праектаў «Нацыянальны футбольны стадыён» і «Басейн міжнароднага стандарту», гаворыцца ў пагадненні.

Урады Кітая і Беларусі падпісалі гэты дакумент яшчэ 22 лістапада 2022 года, але апублікаваны ён толькі цяпер.

Нацыянальны футбольны стадыён узводзіцца непадалёк ад стадыёна «Трактар», а басейн – каля станцыі «Маладзёжная».

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка таксама ўзгадваў пра гэтыя спартыўныя аб’екты: “Мы з кітайцамі выбудоўваем добрыя адносіны. Яны нам бясплатна будуюць Нацыянальны футбольны стадыён… Лепш бы не будавалі, як яны (беларускія футбалісты) гуляюць… Яны будуюць басейн за свае грошы – гэта будзе супер! У бліжэйшы час закончаць”.

Так і хочацца сказаць: бясплатны толькі сыр у мышалоўцы.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.