Pernod Ricard спыніла пастаўкі алкаголю ў Расію. Што будзе ў Беларусі?

Французскі канцэрн Pernod Ricard заявіў аб сыходзе з расійскага рынку. Як гаворыцца ў афіцыйнай заяве, кампанія цалкам спыніла пастаўкі ў РФ з канца красавіка. У дачыненні да Беларусі сітуацыя пакуль незразумелая.

Кампанія абвясціла, што цалкам сысці з Расіі плануе цягам некалькіх месяцаў. Pernod Ricard з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком элітнага алкаголю. Ёй належаць такія вядомыя брэнды, як Chivas Regal, Jameson, Absolut, Ararat і інш.

Як і многія іншыя замежныя кампаніі, Pernod Ricard пасля пачатку канфлікту ва Украіне прыпыніла дзейнасць у Расіі, але 11 красавіка абвясціла аб аднаўленні паставак. Пасля чаго падвергнулася крытыцы і байкоту ў шэрагу еўрапейскіх краін і вымушана была пераглядзець свае рашэнне.

Як піша OffceLife, у Беларусі пастаўкамі брэндаў Pernod Ricard займаецца іншая юрыдычная асоба — сумеснае прадпрыемства «Перно Рыкар Мінск». OL звярнуўся да яго з пытаннем: ці працягне французская кампанія пастаўкі на рынак Беларусі? У беларускай кампаніі каментаваць гэтую інфармацыю адмовіліся.