Бацька журналісткі распавёў “Народнай Волі” падрабязнасці сустрэчы.

Нагадаем: Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі і заняла прынцыповую пазіцыю падчас пратэстных акцый, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, абвінавачвалі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Паводле версіі следства, яна ўвайшла «ў склад так званай «Каардынацыйнай рады» і «ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ», займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання».

За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу – у 2014 годзе жанчыне зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў галаве.

28 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.

На гэтым тыдні Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу Ксеніі і пакінуў прысуд без змен, а скаргу без задавальнення. Хутка яе перавядуць у калонію.

– На наступны дзень пасля разгляду апеляцыі дазволілі сустрэчу з Ксеніяй, – кажа Алег ЛУЦКІН, бацька журналісткі. – Сустракаліся з ёй у СІЗА я, яе брат і сын Мацвей.

Размова доўжылася дзве гадзіны. Выгляд у дачкі, безумоўна, хваравіты, тым больш што яна не так даўно перахварэла або бранхітам, або запаленнем лёгкіх. У звязку з анкалогіяй – гэта наогул жах. Адным словам, складана ёй.

– Пра што, калі не сакрэт,размаўлялі?

– Ксенія, натуральна, вельмі хацела пабачыць сына, тым больш, што гэта сустрэча адбылася акурат перад Новым годам. Таму іх спатканне было вельмі душэўным і пранізлівым, як заўсёды, не абышлося без слёз. Пасля супакоіліся, нармальна пагаварылі. А вось перадачу ў гэты дзень не змаглі перадаць, бо было вельмі шмат людзей. Таму давялося нават застацца

начаваць у Гомелі, каб перадаць тое, што прасіла Ксенія, на наступны дзень. Акрамя ўсяго іншага перадалі і навагодняе віншаванне маме ад Мацвея. Таксама перадалі шмат лекаў.

– Калі яе пераводзяць у калонію?

– Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю 27 снежня, а ў калонію звычайна пераводзяць праз 9—10 дзён пасля ўступлення прысуду ў законную сілу. Таму, магчыма, да Калядаў дачка патрапіць у месца, дзе яна будзе адбываць пакаранне. Хутчэй за ўсё – у Гомельскую калонію.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ

Публікацыя з № 104 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.