
У Беларусі прайшоў устаноўчы з’езд партыі “Белая Русь”. На стадыі задумкі шмат гаварылася пра тое, якой будзе гэта партыя. Але прэзентацыі разышліся з рэальнасцю.
Так, Алег Раманаў, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, які цяпер узначальвае і партыю, яшчэ пару тыдняў таму сцвярджаў, што новая партыя не ствараецца як партыя ўлады, што гэта будзе звычайная цэнтрыстская партыя шырокіх народных мас.
«Мы на самай справе нярэдка сустракаем гэтае словазлучэнне – партыя ўлады або кіруючая партыя. Але мы цяпер будуем не партыю ўлады – мы будуем партыю большасці беларускага народа. І менавіта гэтым збіраемся супрацьстаяць сцвярджэнням, што мы ствараем партыю ўлады, – гаварыў ён яшчэ ў канцы лютага. – Чым канкрэтна супрацьстаяць? Масавасцю, уцягваннем людзей з розных рэгіёнаў краіны і розных сацыяльных груп. Тым, што ў партыі будуць людзі, як кажа наш прэзідэнт, ад зямлі. І, дарэчы, яны будуць пераважаць на з’ездзе, яны будуць прадстаўленыя ў добрай прапорцыі ў вышэйшым палітрадзе партыі».
Аднак пасля таго, як была апублікавана зацверджаная на з’ездзе партыйная праграма, стала зразумела, што за партыя з’явілася ў Беларусі.
“Беларуская партыя «Белая Русь» пазіцыянуе сябе як аб’яднанне прыхільнікаў першага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое імкнецца захаваць і развіць яго ідэі і прынцыпы пабудовы суверэннай беларускай дзяржавы,” – запісана ў праграме.
Дарэчы, калі быў абнародаваны праект праграмы, такога запісу ў ім не было. Ды і, па сутнасці, гэта абсурд – пераблытаць палітычную партыю з групай падтрымкі канкрэтнага палітыка, прасцей кажучы, з фан-клубам. А калі заўтра Аляксандр Лукашэнка сыдзе на пенсію? А калі зойме іншую пасаду? А калі ўвогуле адмовіцца ад пасад? Партыя “Белая Русь” разыдзецца па кватэрах? Ці будзе канспектаваць яго старыя прамовы, як некалі канспектавалі працы Уладзіміра Леніна, і ладзіць публічныя чытанні гэтых “твораў”?
Дарэчы, яшчэ невядома, ці выканана і другое абяцанне Алега Раманава – што ў палітсавет партыі ўвойдуць “людзі ад зямлі”, у “добрай прапорцыі”. Пакуль поўны склад палітсавета не абнародавалі. Вядома толькі, што ў яго увайшоў 71 чалавек. Але Віцебская вобласць, напрыклад, назвала тых, хто на з’ездзе быў абраны ў палітсавет партыі ад Віцебскага рэгіёна. Гэта:
– Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня абласной арганізацыі РГА «Белая Русь»;
– Вячаслаў Дурноў, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта;
– Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта;
– Мікалай Мартынаў, намеснік генеральнага дырэктара ТАА «Кіруючая кампанія холдынгу» Беларуская гарбарна-абутковая кампанія»Марка»;
– Руслан Махмудаў, вядучы інжынер ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод»;
– Павел Ястрэмскі, дырэктар сярэдняй школы №1 горада Полацка.
Як бачыце, няма тут ніякай “прапорцыі” – адно начальства.
У ТЭМУ
“Мне партыя не патрэбна”
Аляксандр Лукашэнка на ўстаноўчым з’ездзе партыі прыхільнікаў самога сябе не прысутнічаў. Больш за тое, ён неаднаразова сцвярджаў, што яму партыя не патрэбна.
Вось, напрыклад, цытата з паслання 2006 года.
“У каторы раз заяўляю: мне партыя не патрэбна. Я ведаю, на каго абапірацца – толькі на народ! Толькі! І больш няма сэнсу на кагосьці абапірацца, гэтак жа як і вам, дэпутатам, і многім тут прысутным…”
(…)
“Мы, яшчэ раз падкрэсліваю, ідзём і павінны ісці ад жыцця: штучна нічога не прыдумляючы і не насаджаючы чужога. Гістарычна вызначылася, што ў аснове нашага грамадства чатыры слупы, яны існуюць, іх трэба развіваць: прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, моладзевыя і ветэранскія арганізацыі”.
Шмат што змянілася з таго часу. Як бачыце, і пятая апора спатрэбілася.
Іван ШАЎЛЮК.