Пенсіянер, які абгарэў пры загадкавых абставінах у Лепелі, памёр у бальніцы

Фота МНС

У бальніцы памёр мужчына, якога 11 мая знайшлі ў Лепелі ў пляме выгаралай травы пасля нейкага таямнічага хлапку. З прычынамі спецыялісты Міністэрства надзвычайных сітуацый не разабраліся і па сёння.

Пра здарэнне вядома наступнае. 11 мая работнікі Лепельскага філіяла Віцебскага мясакамбіната, знаходзячыся на тэрыторыі прадпрыемства, пачулі хлапок, а затым убачылі клубы чорнага дыму. За плотам мясакамбіната яны знайшлі не толькі спаленую траву, але і абгарэлага мужчыну.

Пацярпелым аказаўся 64-гадовы пенсіянер, у якога абгарэла 40% цела. З апёкамі рознай ступені цяжкасці яго шпіталізавалі ў бальніцу, але, нягледзячы на намаганні медыкаў, ён памёр, паведамляе прэс-службай МНС.

Прычына пажару ўсё яшчэ не ўстаноўлена, сказана ў паведамленні.