
У рэдакцыю прыйшоў ліст чытача Анатоля Сідарэвіча: “Калісьці я прасіў “Народную Волю” распавесці, як каталонскія патрыёты (перш-найперш славуты Жэрар Піке) дапамаглі падняць футбол маленькай Андоры, якая цяпер, як слушна адзначана, гуляе лепш за зборную Беларусі. Андорская каманда выступае ў Сегундзе (другі дывізіён Ла Лігі) і добра выступае: 11-е месца сярод 22 дружын.
Думаю, што Сегунда – мацнейшая за нашу вышэйшую лігу, прынамсі палова яе каманд лёгка паклалі б на лапаткі беларускія каманды.
А можна было б напісаць пра каманду Ісландыі. Ды і Люксембург добра выступае. Апошнім часам у краіну завабілі і натуралізавалі добрых ігракоў. Магчыма, і Беларусі патрэбна было б пайсці гэтым шляхам? Але ж у нас 9 мільёнаў народу! Няўжо няма здольных хлопцаў? Быць такога не можа!.. І што ў нас з дзіцячым футболам?”
Трэба адзначыць, што гісторыя, як маленькая па тэрыторыі і насельніцтву Андора дасягнула поспехаў у футболе, і на самай справе вартая ўвагі. Яна яскрава паказвае, як з малога грому можа атрымацца вялікі дождж.
…Вясной мінулага года клуб «Андора» ўпершыню ў гісторыі выйшаў у другі іспанскі дывізіён. Падзея, можа, і не пацягнула б на суперсенсацыю для футбольнай Іспаніі, калі б за апошнія гады клуб не стаў набіраць неверагодную папулярнасць. Гэта гісторыя прарыву сціплай каманды, якая належыць дзеючаму футбалісту «Барселоны» Жэрару Піке.
У 2018 годзе «Андора» літаральна задыхалася без грошай, таму змяніла статус, каб у клуб маглі ўкладваць фінансы спонсары. Пасля гэтага каманду выкупіў холдынг Kosmos, які належыць абаронцу «Барселоны» Жэрару Піке. Патрыёт-каталонец звярнуў увагу менавіта на гэты клуб, які выступаў раней у чэмпіянаце Каталоніі, і вырашыў дапамагчы «Андоры». Таму разам з набыццём клуба Піке закрыў і яго даўгі – каля 200 тысяч еўра. І ў гісторыі «Андоры» пачалася новая эра.
Перш-наперш Піке не толькі разабраўся з даўгамі клуба, але і звольніў галоўнага трэнера Рычарда Імбернона, а на яго месца запрасіў тандэм з двух былых футбалістаў «Барселоны». Настаўнікам каманды стаў Габры (Габрыэль Гарсія де ла Торэ) – двухразовы чэмпіён Іспаніі і пераможца Лігі чэмпіёнаў-2006. Яго памочнікам – рэзервны варатар «Барселоны» Альберта Харкера.
«Андора» хутка стала мегапапулярнай. Колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках расла неверагоднымі тэмпамі. Як і сярэдняя наведвальнасць матчаў. Калі раней яна не перавышала 50 гледачоў, то на апошнім матчы сезона 2018/2019 увесь стадыён «Прада дэ Дэпартыву» (600 месцаў) быў забіты пад завязку. «Андора» тады ўпершыню за 16 гадоў паднялася ў чацвёрты дывізіён, а затым аўтаматычна трапіла і ў трэці, бо адна з каманд з-за фінансавых праблем апусцілася рангам ніжэй. Клуб Жэрара Піке заплаціў 450 тысяч еўра і стаў гуляць у трэцім дывізіёне.
Пасля гэтага змяніўся і склад каманды – туды прыйшлі пераважна каталонцы. Піке па ўсім свеце збіраў таленавітых футбалістаў, і гэты праект паказаў, як важна для Жэрара было пачаць з нізоў, каб арганічна развівацца. У клуба не было сваёй акадэміі, але праз нейкі час Піке купіў яшчэ адзін клуб – «Хімнастык Манрэса», знакаміты тым, што ў свой час у ім пачынаў дзіцячую кар’еру Хасэп Гвардзіёла, перш чым пераехаць у «Барселону». «Манрэса» не мела дарослай каманды, але ў яе было 40 каманд розных узростаў. Школа супрацоўнічала з іспанскімі грандамі футбола, а затым заключыла партнёрскае пагадненне яшчэ і з «Андорай». Вынік: зараз у складзе каманды разам з вопытнымі ігракамі шмат і 17–18-гадовых футбалістаў.
Амбіцыі і ў каманды, і ў Жэрара Піке вялікія: усе мараць пра выхад у «прымеру» (вышэйшую лігу) і Лігу чэмпіёнаў. Дарэчы, пры такім раскладзе можа скласціся цікавая сітуацыя, калі Піке ў складзе «Барселоны» згуляе супраць каманды, якая яму належыць.
Калі даведваешся пра гісторыю ўзлёту «Андоры», то міжволі ўзгадваеш пра футбольны клуб «Крумкачы», які ў свой час гэтак жа імкліва ўзнёсся з самага нізу ў эліту беларускага футбола. Прыватная каманда, абсалютна не маючы дзяржаўнай падтрымкі, трымалася на энтузіястах, якія гатовы былі ўкладваць уласныя грошы ў гэты праект. І народ палюбіў «Крумкачоў»! А вось для спартыўных функцыянераў клуб стаў бяльмом на воку, бо «Крумкачы» паказалі, што тыя самыя чыноўнікі асабліва і не патрэбны для стварэння і існавання прыстойнай каманды.
«Андоры» пашанцавала значна больш, чым «Крумкачам», бо ў яе ёсць мільянер Жэрар Піке, які не толькі любіць футбол, але і ведае, як на гэтым зарабіць, і няма тых самых дзяржаўных функцыянераў, якія ў футболе разбіраюцца не вельмі, але любяць, каб усе гулялі па іх правілах.
Што датычыцца развіцця дзіцячага футбола ў Беларусі, то былы старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў распавядаў, што “паўтара года таму ў Беларусі ўкаранілі нямецкую праграму, распрацаваную разам з Расійскім футбольным саюзам, але, каб прыйшоў прагрэс, трэба пачакаць 5-7 гадоў”.
“Па гэтай нямецкай праграме нам патрэбна падняць пласт усіх беларускіх СДЮШАР, каб яны працавалі па гэтым плане, – распавёў футбольны чыноўнік пра бліжэйшыя планы. – У дадатак – прыватныя школы. У нас футболам займаюцца больш за 30 тысяч. І вось усё гэта трэба падняць знізу. Мы ў другой лізе зрабілі вельмі шмат каманд, 77 калектываў, таму што ў шэрагу абласцей нават абласныя чэмпіянаты раней не праводзіліся
Я думаю, што ў нас будзе вынік. Але трэба крыху пачакаць. Мінімум пяць-сем гадоў патрэбна чакаць, каб надышоў прагрэс. Акрамя гэтага, за пяць-сем гадоў мы яшчэ павінны давесці да розума інфрастуктуру. Як вы ведаеце, мы будуем футбольныя палі ў асноўным за кошт УЕФА і ФІФА…”
І сапраўды: навошта трымаць справаздачу за тое, што паспеў зрабіць, калі можна карміць народ абяцанкамі-цацанкамі, якія будуць “праз пяць-сем гадоў”?
Таму пакуль што ў зборнай Беларусі няма каму не толькі забіваць, а нават мала і тых, хто можа патрапіць у вароты. Павучыцеся ў маленькай Андоры!
Алесь СВЯТЛАНІЧ.