Пасол Беларусі ў Індыі сустрэўся з беларускамі ў турме Шры-Ланкі

Фота з адкрытых крыніц.

Пасол Беларусі ў Індыі і па сумяшчальніцтве ў Бангладэш, Шры-Ланцы і Непале Андрэй Ржэвускі наведаў жаночую турму «Welikada Female Prison» у Шры-Ланцы. Наведванне адбылося пры садзейнічанні члена парламента краіны, міністра юстыцыі, пенітэнцыярных спраў і канстытуцыйных рэформаў Віджаядаша Раджапакшы.

«Адбылася гутарка з кіраўніцтвам турмы і зняволенымі беларускімі грамадзянкамі па пытаннях іх знаходжання ў пенітэнцыярнай установе. Зняволеным перададзеныя рэчы першай неабходнасці», – гаворыцца ў прэс-рэлізе пасольства Індыі ў Беларусі.

Дэталі заключэння беларусак не паведамляюцца, таму мы не ведаем, за што яны арыштаваны. Але ў Шры-Ланцы ёсць вельмі экзатычныя законы.

Так, у мінулым годзе ў СМІ шырока абмяркоўвалася гісторыя арышту ў гэтай краіне расійскіх навукоўцаў. Падчас адпачынку на Шры-Ланцы яны падабралі некалькі жукоў, каб іх сфатаграфаваць. За што іх арыштавалі і адправілі ў турму, абвінаваціўшы ў браканьерстве. У выніку справа “мёртвых жукоў”  скончылася штрафам у 50 тысяч долараў на траіх, альтэрнатывай чаму было турэмнае зняволенне. У любым выпадку ,напачатку ў турме, а потым пад хатнім арыштам яны правялі паўтара года.  Расказваюць жахі. А з іхняга малюнка можна зразумець, як выглядае турэмная камера на Шры-Ланцы: у ёй амаль сотня аршытантаў, спяць на падлозе “валетам”…

Невядома, ў якіх умовах утрымліваюць беларусак, але тое, што расказваюць расіяне – жах.

– Ложкаў ці нараў не было ў прынцыпе, усе спалі на бетоннай падлозе, падаслаўшы пад сябе пластыкавыя цыноўкі (нешта накшталт нашага пластыкавага мяшка з-пад цукру). У нас такіх цыновок не аказалася. Нашы цёплыя рэчы адабралі перад судом тыя, хто нас затрымліваў. Так што і падаслаць не было чаго.

Але пашанцавала: іншыя зняволеныя далі нам адну на траіх пластыкавую цыноўку і адну прасціну. Цыноўку мы паклалі пад паясніцы, каб хоць неяк абараніць ныркі. Накрываліся прасціной па чарзе. Трэба заўважыць, што горад знаходзіцца ў горнай мясцовасці, і надвор’е там зусім не гарачае: па начах вельмі холадна. Спаць было вельмі няпроста: цесна, ад бетоннай падлогі цягнула холадам, усе рэчы, якія былі надзетыя не на нас, мы падкладалі пад ныркі, каб не застудзіць, нас пастаянна кусалі камары і іншыя крывасмактальныя казуркі, бо на вокнах не было ні шкла, ні маскітных сетак, толькі краты, – распавядаў геолаг з Растова-на-Доне Мікалай Кілафян.

Яго турма была такой: гігіенічныя працэдуры – пару разоў на тыдзень, на чалавека давалі 15 кубкаў вады, прычым гэтай колькасцю трэба было і памыцца, і памыць рэчы. Ежа – у асноўным рыс з нейкімі мясцовымі раслінамі, пры гэтым яна была немагчыма вострая. На ўсю камеру з амаль сотняй “пастаяльцаў” – дзве прыбіральні ў выглядзе двух дзірак у зямлі.

Так што пажадаем нашым зямлячкам найхутчэшага вызвалення. Ім там зусім не соладка.

Аліна ГЛІНСКАЯ.