Пасляслоўе. Шэсць крокаў: наперад ці назад?

Фота з адкрытых крыніц.

З паслання Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, якое прагучала ў апошні дзень сакавіка, кожны каментатар адзначыў тэзісы, якія, на свой погляд, палічыў найбольш важнымі. Нехта – пра тое, што Украіне трэба без усялякіх папярэдніх умоў (гэта значыць, без вываду расійскіх войскаў з акупаваных тэрыторый – Аўт.)садзіцца за стол перамоваў, нехта – заклік да святароў нараджаць дзяцей і ствараць сем’і…

У любым выпадку, гэта было апошняе пасланне, адрасаванае парламенту, бо наступнае будзе агучана ўжо перад Усебеларускім народным сходам. У пэўным сэнсе – падзея гістарычная. Канешне, грамадскасць яшчэ доўга будзе абмяркоўваць агучаныя тэзісы і канцэптуальныя падыходы. А пакуль – невялікія нататкі і заўвагі.

Гучыць Дзяржаўны Гімн. Высокія асобы краіны не спяваюць (выключэнне – Наталля Качанава), хаця ў зале заўважаюцца людзі, якія шавеляць вуснамі, дэманструючы, што быццам ведаюць словы.

Прамову Аляксандр Лукашэнка пачынае, крыху хвалюючыся (потым ён і сам скажа, што“каленкі не дрыжэлі, але…”). Пачынае з перабольшванняў і кампліментаў. Кажа прысутным, выбачыўшыся за нясціпласць: “У гэтай зале засяроджаны вялікія розумы чалавецтва”. Чалавецтва, канешне, пра гэта наўрад ці ведае. І наадварот,  як я думаю, са здзіўленнем глядзіць на адну з самых бедных краін Еўропы, якая ўпарта адмяжоўваецца ад заможных суседзяў, якія маглі б дапамагчы і грашыма, і тэхналогіямі, затое зацята шукае па свеце такіх жа дзівакоў-беднякоў. Але, як кажуць, калі сам сябе не пахваліш, то хто пахваліць…

Тэму свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка пазначыў так: “Умовы захавання суверэнітэту і незалежнасці”. Потым, на працягу прамовы, ён агучыць шэсць галоўных умоў: адзінства, гістарычная памяць, развіццё эканомікі, сацыяльная справядлівасць, здольнасць абараніць сябе і незалежная знешняя палітыка. А яшчэ скажа: “Мы не будзем рабамі!”

Ну, з чым тут спрачацца?!

Але калі разбірацца са сказаным дэтальна, то пытанні ўсё ж такі ўзнікаюць.

Ну вось напрыклад, “незалежная знешняя палітыка”.  Аляксандр Лукашэнка агучыў, якім ён уяўляе план прымірэння ва Украіне. Яго сутнасць у тым, што расійскія і украінскія войскі спыняюцца там, дзе стаяць, і паміж краінамі пачынаюцца мірныя перамовы. Гучыць цудоўна, як высакародны намер зберагчы жыцці людзей! Але ва Украіне ацанілі гэты заклік па-іншаму. Там кажуць: “Дзе быў міратворац-Лукашэнка, калі з беларускай тэрыторыі расійскія войскі пайшлі на захоп Кіева, а потым абстрэламі руйнавалі нашы гарады і вёскі? Чаму мы павінны спыніцца і пакінуць Расіі свае землі, тым больш што  ўжо надышла дапамога з самым сучасным заходнім узбраеннем, а расіяне цягнуць на фронт танкі Т-54, зробленыя яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя?.. Калі нехта захопіць беларускія землі, то Лукашэнка таксама будзе заклікаць спыніцца і не вызваляць іх?..”

Карацей, у Кіеве ініцыятыву ўспрынялі не як беларускі “план міра”, а як заклік Крамля, агучаны вуснамі беларускага саюзнікамі. Некаторыя ўвогуле пракаментавалі ініцыятыву вельмі катэгарычна — “Пуцін праз Лукашэнку ўпершыню запрасіў аб літасці”.

Ці возьмем тэзіс пра абарону, які, як вядома, апошнімі днямі быў падмацаваны паведамленнямі пра намер размясціць у Беларусі расійскую тактычную ядзерную зброю. І так, і гэтак у беларускай інфармацыйнай прасторы агучваецца, што гэта цудоўны намер, што на дзяржавы, якія маюць ядзерную зброю, ніхто не нападае. Але…

— Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення заявіў, што кіруе ўсімі расійскімі войскамі ў Беларусі. Гэта цалкам змяняе карціну. Калі Пуцін тыдзень таму гаварыў, што тактычная ядзерная зброя можа быць размешчана ў Беларусі, ён асобна падкрэсліў, што яна застанецца ў расійскім камандаванні і пад расійскім кантролем, не будзе перададзена беларусам. Таму гэта, нібыта, не парушэнне Дагавора аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Але цяпер выходзіць, што Лукашэнка абверг словы Пуціна, і атрымоўваеццца, што парушэнне ёсць. А згодна згаданай дамове, у выпадку, калі якая-небудзь краіна яе парушае, то астатнія чатыры пастаянныя члена Савета бяспекі ААН  (у дадзеным выпадку ЗША, Кітай, Англія і Францыя) абавязаны гэта парушэнне спыніць. У тым ліку ваенным шляхам і без узгаднення з ААН. Прынамсі так трэба дзейнічаць, згодна дакументу, у тэорыі, — гаворыць палітолаг Міхаіл Шайтэльман.

Дык мы аддаляемся ад пагрозы вайны ці, наадварот, набліжаем яе?.. Пытанне не рытарычнае, пытанне, можна сказаць, жыцця і смерці.

Возьмем тэзіс пра “адзінства”. Ён што азначае?

Нядаўна была створана партыя “Белая Русь”, якая ў сваёй праграме запісала, што яе мэта – падтрымка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. 31 сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Віцебска Святлана Горваль у пытанні да Аляксандра Лукашэнкі  назвала будучы Усебеларускі народны сход “калектыўным Лукашэнкам”, і ён не аспрэчваў, не даводзіў, што такога быць не павінна. Дык што, будучыня Беларусі — стаць “калектыўным Лукашэнкам”, гаварыць толькі так, як ён, думаць толькі так, як ён, адным словам, маліцца на яго? Так трэба разумець тэзіс пра адзінства? Міжволі ўзнікае пытанне, што мы ўсё-такі будуем — сучасную дзяржаву ці нейкую секту?.. І як жа  быць з нашай Канстытуцыяй, якая вызначае Беларусь як дэмакратычную дзяржаву, і канстатуе, што ў краіне павінна існаваць мноства палітычных інстытутаў і меркаванняў, а ідэалогія якой-небудзь адной партыі, рэлігійнай ці грамадскай арганізацыі не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян?..

Тут да месца будзе і пра партыі сёе-тое адзначыць. Як вы разумееце, на Пасланне-2023 запрасілі толькі “правільных кіраўнікоў правільных партый”, “адказных патрыётаў”, “прафесійных палітыкаў”. Але што зрабіў адзін з такіх “лепшых розумаў чалавецтва”?  Кіраўнік ЛДП Алег Гайдукевіч сядзеў і слухаў шматгадзінную прамову пра тое, як захаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі; пра мір, пра вайну, пра тое, што і свет, і мы з вамі апынуліся на мяжы катастрофы, якой яшчэ не было… А потым выйшаў да мікрафона, каб удакладніць незразумелае, і запытаўся … пра гомасексуалістаў. Толькі ўявіце! Лукашэнка некалькі гадзін расказваў, у якія небяспечныя часы мы жывём, які адказны і нават гістарычны момант настаў, а Гайдукевіч не зразумеў толькі аднаго – хто з кім спіць, і як з гэтым змагацца? Шчыра кажучы, зрабіў такую антырэкламу сваёй партыі, самому сабе і ўвогуле партыйнай сістэме Беларусі, што цяжка было б паўтарыць, калі нават старацца.

Аднак лейтматывам Паслання трэба прызнаць тое, што вось такія гайдукевічы і надалей будуць лічыцца патрыётамі. А тыя, хто паспрабуе не пагадзіцца і заклікаць да перамен, да дыскусіі, да свабоды, да нацыянальнага прымірэння; хто скажа пра памылкі, пралікі і рызыкі дзейснай беларускай дзяржаўнай палітыкі, той – вораг. Вось толькі ці не з-за такой палітыкі на 29-м годзе свайго кіраўніцтва Аляксандр Лукашэнка вымушаны канстатаваць, што пагрозы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі сёння вялікія, як ніколі?..

Ірына МАЛЬЦАВА.